Менскія ўлады дазволілі аргентынскаму мастаку Франчэска Басалеці дамаляваць свой мурал на будынку на вуліцы Рабкораўскай у межах фэстывалю Urban Myths.
Куратар стрыт-арт-праекту Signal Алег Ларычаў расказаў карэспандэнту Свабоды, што Франчэска Басалеці ўжо прыступіў да працы, якую плянуе завершыць заўтра. Якім чынам удалося атрымаць узгадненьне?

«Усё гэта адбывалася пакутліва. Дзякуй журналістам, што паднялі шум. Я ня ведаю, што менавіта дапамагло, бо мы тэлефанавалі сябрам мастацкай рады пры Менгарвыканаме, размаўлялі з мастацтвазнаўцамі, якія могуць публічна падтрымаць. Было вельмі многа высілкаў, і ў выніку намесьнік старшыні Кастрычніцкага райвыканкаму схадзіў на прыём да старшыні Менгарвыканкаму Шорца і пытаньне вырашылі».

Франчэска Басалеці
Паводле Ларычава, партнэры ArtClub.by прызначылі нават адказнага за ўзгадненьне муралаў з уладамі. Што будзе адлюстравана на малюнку Франчэска Басалеці?
«Мы дапамагалі Фрачэску паглыбіцца ў наш кантэкст. Алесь Белы зрабіў экскурсію для яго. І паводле гэтага Франчэска вырашыў, што найбольш прыдатным сымбалем будзе сэрца. Жывое сэрца Эўропы ў сэрцы Эўропы. Ён заўважыў, што ў нас шмат людзей цікавіцца нацыянальнай тэматыкай. А сэрца — гэта таксама орган памяці; усе ўспаміны, пачуцьці жывуць у сэрцы. Таму гэта найлепшы сымбаль, кожны яго будзе разумець па-свайму. Але, магчыма, гэта будзе найбуйнейшае сэрца Эўропы ў сэрцы Эўропы».
Франчэска мае вельмі пазытыўны настрой і спадзяецца скончыць малюнак ужо сёньня. Жартуе, што цяпер кожны гук машыны прымушае яго думаць, што гэта зноў міліцыя.
18 верасьня «людзі ў цывільным» затрымалі і зьвезьлі ў невядомым кірунку аргентынскага мастака Франчэска Басалеці падчас таго, як ён пачынаў маляваць мурал на будынку на вуліцы Рабкораўскай. ДАІ таксама адагнала машыну-пад’ёмнік, якой карысталіся мастакі.
Пазьней у міліцыі паведамілі, што мастака затрымалі праз адсутнасьць дазволу на нанясеньне малюнку. Ён быў дастаўлены ў пастарунак, а потым адпушчаны. 18 верасьня якраз ішло ўзгадненьне працы Басалеці, паралельна з гэтым мастак пачаў працаваць.