Дашкевіч перадаў Мінкульту абгрунтаваньне гістарычнай каштоўнасьці бел-чырвона-белага сьцяга 

Зьміцер Дашкевіч, збор подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурный каштоўнасьці, 2016 год

Сёньня лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч перадаў у Міністэрства культуры навуковае абгрунтаваньне гістарычнай каштоўнасьці бел-чырвона-белага сьцяга.

Жывы стрым наведваньня і размовы з супрацоўніцай ведамства вёў іншы актывіст, заснавальнік сайту 1863x.com Эдуард Пальчыс.

Паход быў прынагодны: 19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет тады яшчэ БССР надаў бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня» статус дзяржаўных сымбаляў.

Цягам мінулага году сябры «Маладога фронту» сабралі 10 тысяч подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці, аднак тады чыноўнікі запатрабавалі «гістарычнага абгрунтаваньня».

Дапамог маладзёнам кандыдат гістарычных навук, дацэнт Аляксандар Кур’яновіч.

У звароце на імя кіраўніцтва Міністэрства культуры зьмяшчаецца просьба разгледзець наступныя пытаньні.

  1. Аб наданьні бел-чырвона-беламу сьцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
  2. Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь узору 1991-1995 гадоў, які захоўваецца ў дзяржаўнай установе «Нацыянальны гістарычны музэй Рэспублікі Беларусь».
  3. Аб стварэньні эталёну Дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь узору 1991-1995 гадоў і перадачы яго на захоўваньне.

З поўным тэкстам можна пазнаёміцца на сайце 1863x.com.

Лягічнае завяршэньне леташніх высілкаў

Як адзначыў Зьміцер Дашкевіч, сёньняшняя падзея — лягічнае завяршэньне леташніх высілкаў маладафронтаўцаў у зборы подпісаў. Празь некалькі дзён ён мае даведацца, хто канкрэтна прызначаны ў ведамстве адказным за падрыхтоўку адказу.

На яго перакананьне, абмежавацца дзяжурнай адпіскай гэтым разам будзе складана — навуковае абгрунтаваньне гістарычнасьці сьцяга вымагае сур’ёзнага заглыбленьня ў тэму.

Калі ж чыноўнікі паспрабуюць чарговым разам усё спусьціць на тармазах, то, адзначыў Дашкевіч, будуць адказваць як мінімум перад сваім сумленьнем, а пры зьмене ўлады — і перад судом.

Тым часам на плятформе petitions.by распачалася кампанія збору подпісаў за абгрунтаваньне гістарычнай каштоўнасьці бел-чырвона-белага сьцяга.