Яго прызналі вінаватым у вымагальніцтве, атрыманьні хабару і злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі.
Эльчын Ісмаілі супрацоўнічаў з незалежнай газэтай «Азадлыг» («Свабода») і азэрбайджанскай службай Радыё Свабода. Апошнім часам ён публікаваўся на рэгіянальным сайце kend.info.
Журналіста арыштавалі ў лютым. Паводле дадзеных сьледзтва, ён вымагаў хабар у чыноўніка з міністэрства культуры. Паплечнікі Ісмаілі лічаць справу журналіста палітычна матываванай і сфабрыкаванай. На іх думку, журналіста перасьледуюць за крытыку ўладаў у інтэрнэце і сацсетках.
Журналіст сваёй віны не прызнаў.
Эльчын Ісмаілі зьяўляецца чальцом апазыцыйнага Народнага фронту Азэрбайджану. У Народным фронце мяркуюць, што Ісмаілі перасьледуюць ня толькі за журналісцкую дзейнасьць, але і за ўдзел у працы апазыцыйнага руху.
Год таму ўлады арыштавалі супрацоўніка газэты «Азадлыг» Фаіга Амірылі. Яго абвінавацілі ў распальваньні нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці. Два месяцы таму суд прысудзіў Амірылі да трох гадоў турмы. 15 верасьня ён выйшаў на волю пасьля таго як бакінскі суд замяніў яму рэальны тэрмін на ўмоўны.
У канцы жніўня ў Баку арыштавалі дырэктара апазыцыйнага інфармацыйнага агенцтва «Туран» Мэхмана Аліева. Яго абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Нядаўна яго выпусьцілі з СІЗА і перавялі пад нагляд паліцыі.
У рэйтынгу міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў» паводле сытуацыі са свабодай слова Азэрбайджан займае 162-е месца са 180-ці.