У 87% школ урокі пачынаюцца ад 8.30 да 9.00

Намесьніца міністра адукацыі Раіса Сідарэнка

Міністэрства адукацыі рэкамэндуе пачынаць урокі не раней за 8.00, а заканчваць заняткі другой зьмены — не пазьней за 19.40. Пачатак урокаў павінен быць строга фіксаваны, але перад урокамі дапускаюцца «падтрымальныя», «стымулюючыя» заняткі і «клясныя гадзіны». Яны і служаць прычынай «рванага графіку» — кожны дзень дзіця павінна прыходзіць у школу ў розны час.

Намесьніца міністра адукацыі Раіса Сідарэнка патлумачыла, што для вырашэньня праблемных пытаньняў у школе ёсьць дырэктар і адміністрацыя:

«Могуць быць, напрыклад, „падтрымальныя“ гадзіны, „стымулюючыя“ — гэта, па сутнасьці, індывідуальныя заняткі, якія праводзяцца зь дзіцем да пачатку ўрокаў. І калі дзіця ў школе зьяўляецца раней, можна з карысьцю выкарыстоўваць гэты час».

Раіса Сідарэнка нагадала пра патрабаваньні СанПіН, што заняткі не павінны пачынацца раней за 8 гадзіну:

«Аптымальны час пачатку заняткаў быў заўсёды — 9 гадзін раніцы. Тут нічога не памянялася: 9 гадзін — гэта зручна для дзіцяці. Калі ўстанова выбірала нейкі іншы час пачатку заняткаў, трэба было гэта абгрунтаваць.

Кожная школа павінна была яшчэ ўвесну прааналізаваць свой рэжым працы, для таго каб выбудаваць яго аптымальна. Вядома, былі дзіўныя выпадкі, але паступова праблемы вырашаюцца. Пасьля таго, як паступіў сыгнал з Барысава, дзе спрабавалі браць грошы за дадатковыя заняткі перад урокамі, туды выехаў начальнік упраўленьня Мінадукацыі. Там на паверхні ляжаў адказ: у школе дзьве зьмены, і пачынаць заняткі ад 9-й гадзіны абсалютна непрымальна. Калі яшчэ паступаюць сыгналы — мы правяраем, зьбіраем інфармацыю, разьбіраемся».

Увесну 85% установаў адукацыі прапанавалі пачынаць урокі з 8.30 да 9.00. Цяпер у 87% школ, гімназій, ліцэяў заняткі пачынаюцца менавіта ў гэтым прамежку — з 8.30 да 9.00, паведаміла намесьніца міністра адукацыі.

Але многія бацькі скардзяцца на блытаніну. У некаторых школах кожны дзень урокі пачынаюцца ў розны час: у адзін дзень — а 8-й, у другі — а палове на дзявятую, у трэці — у 8.15. На гэтую заўвагу журналістаў Раіса Сідарэнка адказала так:

«Па-першае, у дзіцяці ёсьць дзёньнік. Па-другое, тут гаворка ідзе не пра ўрокі, а пра нейкія дадатковыя заняткі. Пачатак урокаў павінен быць фіксаваны — 8.15, 8.30, 9.00.

Бацькам трэба давесьці: у колькі пачынаюцца непасрэдна ўрокі, у які дзень — падтрымальныя заняткі, у які — стымулюючыя, якія патрэбны гэтаму дзіцяці, у які — клясная гадзіна. Пакуль асноўныя праблемы і блытаніна — у рваным графіку. Я спадзяюся, мы ў хуткім часе разьбяромся», — кажа намесьніца міністра адукацыі Раіса Сідарэнка.