18 верасьня у вёсцы Вялікае Малешава Столінскага раёну хаваюць вядомага грамадзкага дзеяча, аднаго з заснавальнікаў руху «За свабоду» і сябра сойму Партыі БНФ Аляксея Кавальца. Чатыры гады ён змагаўся з анкалягічнай хваробай. Лекары зрабілі яму некалькі апэрацыяў, але перамагчы хваробу не ўдалося.
Нарадзіўся Аляксей Кавалец 12 жніўня 1953 году ў Вялікім Малешаве. Зь дзяцінства марыў служыць у войску. І мару сваю выканаў. Аднак савецкае войска было зусім не такім, якім ён яго ведаў па кінастужках і кніжках. Асабліва калі давялося служыць у Абхазіі. І Аляксей Кавалец у званьні капітана пайшоў у адстаўку.
Шчыры патрыёт Беларусі, змагар за яе незалежнасьць і сувэрэнітэт, Кавалец знайшоў сябе ў БНФ. Вельмі адказны за любую справу, па-добраму ўедлівы, ён стаў сакратаром управы Партыі БНФ і шмат часу аддаваў гэтай працы, якая ня кідаецца ў вочы, але вельмі патрэбная. Намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў успамінае пра Кавальца:
«Ён быў надзвычай прынцыповым чалавекам. Вельмі балюча перажываў, калі Пазьняк са сваімі прыхільнікамі сышлі з партыі. Другі раз яму было надзвычай цяжка, калі пасьля абраньня старшынём партыі Янукевіча некаторыя заслужаныя фронтаўцы таксама пакінулі партыю. Тут у мяне зь ім было аднолькавае стаўленьне. Мы разважалі так: калі нехта з чымсьці не пагаджаецца і адкрыта ўдзельнічае ў спрэчках, гэта добра. Але калі дыскусійнае пытаньне выносіцца на галасаваньне і перамагае іншы погляд, то ты мусіш падпарадкавацца бальшыні. А пазыцыю: калі не па-мойму, то я сыходжу з партыі, ні Кавалец, ні я не ўспрымалі».
Рыгор Кастусёў кажа, што лічыць Аляксея Кавальца адным з найлепшых сваіх сяброў:
«Ён быў у мяне дома, я ў яго. Калі мне трэба было пераначаваць у Менску, то для мяне ў кватэры Кавальца знаходзілася і месца, і заўжды было што перакусіць, і г.д. Добра ведаю і яго сына, і жонку.
Пасьля прыходу ў рух „За свабоду“ Аляксей Кавалец па-ранейшаму заставаўся ў Партыі БНФ. 30 верасьня ў нас чарговы з’езд. І кіраўніцтва партыі, рыхтуючы свае прапановы ўдзельнікам з’езду, па-ранейшаму бачыла Аляксея ў складзе сойму. Ня думалася, што жыцьцё яго абарвецца».
Рыгор Кастусёў кажа, што Кавалец вельмі паважаў Аляксандра Мілінкевіча. І менавіта гэтая павага і вырашыла яго стаўленьне да руху. Ён удзельнічаў ва ўсіх ўстаноўчых з’ездах руху «За свабоду» і вельмі ганарыўся, калі Міністэрства юстыцыі нарэшце афіцыйна зарэгістравала рух.
Першы старшыня руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч прыехаў на пахаваньне Аляксея Кавальца:
«Аляксей пяшчотна любiў Беларусь. Ён так натхнёна распавядаў пра сваё любiмае Палесьсе, куды хацеў вярнуцца на вечны спачынак. На жаль, гэта адбылося занадта рана.
Кавалец быў вельмi натуральны, адкрыты i прынцыповы. Ён глыбока ведаў i любiў нашу гicторыю, быў моцным дыскутантам. Не цярпеў фальшу, эгаiзму, самаўлюбёнасьцi».
«Мужным, адказным чалавекам і шчырым патрыётам Беларусі» называе Кавальца цяперашні старшыня руху Юрась Губарэвіч:
«Аляксей працяглы час змагаўся зь невылечнай хваробай. Да апошніх дзён ён заставаўся актыўным і руплівым, даваў прыклад іншым. Кавалец думаў больш не пра сябе, а пра агульную справу.
Нейкай афіцыйнай пасады ў руху ў Кавальца не было. Але ён вёў арганізацыйную працу. І можна сказаць, што Аляксей Паўлавіч быў такім аргсакратаром руху. Часам хвароба адступала, і дзесьці з паўгода ён адчуваў сябе нядрэнна. Быў энэргічны, бадзёры, працаваў так, як быццам хваробы і не было».
У сям’і Кавальца засталіся жонка Натальля і дарослы сын Андрэй. Жывыя дзьве ягоныя сястры і два браты. Адзін брат дагэтуль жыве ў вёсцы Вялікае Малешава. Тут побач з бацькамі і знайшоў свой апошні прытулак Аляксей Кавалец.