Пастамэнт з танкам, на думку рупліўцаў беларушчыны, пераклікаецца з псэўданімам літаратара. На імпрэзе прагучала прапанова надалей называць помнік з танкам — Максімам Танкам.
«У Магілёве няма помнікаў, якія б аб’ядноўвалі беларусаў, падкрэсьлівалі беларускую дзяржаўнасьць і культуру, — казаў старшыня тбмаўскай суполкі Алег Дзьячкоў, — таму пасьля роздумаў мы вырашылі прыйсьці да помніка з танкам. Максім Танк — франтавік, мае нямала вершаў пра вайну. Мы беларусізуем савецкі помнік, каб надалей асацыяцыі ў яго былі зьвязаныя менавіта з нашым паэтам. Сёньня закладаем традыцыю прыходзіць да помніка з танкам на дзень народзінаў паэта. Сам помнік называем Максімам Танкам».
Удзельнікі імпрэзы прынесьлі кветкі і партрэт паэта, якія пакінулі пад помнікам з танкам. На працягу гадзіны тбмаўцы чыталі вершы Скурка, гаварылі пра яго пакручасты жыцьцёвы і творчы шлях. Згадалі, што Максім Танк падтрымліваў сваіх калегаў, якія былі рэпрэсаваныя савецкай уладай. Перапісваўся з паэткай Ларысай Геніюш.
Яўген Скурко нарадзіўся 17 верасьня 1912 году на Віленшчыне. У 1932 годзе сядзеў у віленскай турме Лукішкі. У няволі выдаваў рукапісны часопіс «Краты» для арыштантаў з творамі сядзельцаў. У Савецкім Саюзе атрымаў званьне народны паэт Беларусі, старшыняваў у саюзе пісьменьнікаў. Рэдагаваў часопіс «Полымя». Бараніў мову і нацыянальную сымболіку. Выступаў супраць моўнага рэфэрэндуму 1995 году. Памёр 7 жніўня 1995 году.