У Сынкавічах адзначаюць 610-годзьдзе храму, заснаванага паводле легенды Вітаўтам, паводле гісторыкаў — гетманам Астроскім

Вернікі і сьвятары з Гарадзенска-Ваўкавыскай эпархіі адзначаюць у Сынкавічах (Зэльвенскі раён) 610—годзе праваслаўнага храму. Што датычыць гісторыкаў, то яны не называюць канкрэтную дату заснаваньня Сынкавіцкай царквы.

Паводле адной са шматлікіх легендаў, Сынкавіцкую царкву заснаваў Вялікі князь Вітаўт на знак удзячнасьці за тое, што ў тутэйшых пушчах ён уратаваўся ад Ягайлавай пагоні. (Здымак 3 Верніца сьвяткуе 610-я угодкі Сынкавіцкай царквы)

Прафэсійныя дасьледчыкі лічаць, што храм Сьвятога Міхала паўстаў на пачатку XVI стагодзьдзя. І, магчыма, фундаваў яго гетман Канстанцін Астроскі, славуты палкаводзец, фундатар Траецкай і Прачысьценскай цэркваў у Вільні, якія таксама маюць абарончыя рысы.

Гісторык са Слоніма Васіль Герасімчык, які шмат публікуе матэрыялаў па гісторыі Слонімшчыны, патлумачыў Свабодзе, што праваслаўныя вернікі, адзначаючы ўгодкі царквы, спасылаюцца на дасьледаваньні сьвятара Міхайлоўскага, які ў свой час служыў у Сынкавічах і знайшоў згадкі пра мураваную царкву менавіта 1407 года заснаваньня. Тым ня менш гісторык кажа, што зараз складана сьцьвярджаць, што дата датычыць менавіта гэтай царквы, але ён зьвяртае ўвагу на іншае:

«Добра, што адзначаюць угодкі гэтае царквы. Гэта сымбаль Гарадзеншчыны, уявіце: Вітаўт, Сынкавіцкая царква... Нават калі з датамі пакуль нешта недакладна, то з часам усё ўдакладніцца, а сама царква абарончага тыпу, відавочна, старажытная вартая, каб яе шанавалі».

У гонар 610-годдзя Сынкавіцкага храма Гарадзенская эпархія падрыхтавала адмысловую праграму. У храме адбылася сьвяточная літургія, вернікаў вітаў архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій.

На адмысловай сцэне побач з храмам адбыўся канцэрт духоўнай музыкі хору Гарадзенскай эпархіі, салістаў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатру, на пляцоўках каля храму працавалі выставы мастацкай творчасьці, майстар-клясы і гандаль сувэнірамі.