Уладзімер Арлоў пра Юлію Андрусышын: «Веру, што і там Вы будзеце чуць нашыя песьні...»

Юлія Андрусышын. Фота зь яе кнігі «Забыцьцю не адданае».

Пра Юлію Андрусышын, якой ня стала 16 верасьня, успамінае пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў.

«Спадар Арлоў», — упершыню ў жыцьці мяне назвала так Юлія Андрусышын. «Я не пані, а спадарыня», — мякка паправіла яна. — А вы — спадар«.

Я паказваў ёй і Данчыку Полацак у час яе першага пасьля вайны прыезду ў Беларусь у 1989-м. Потым былі дранікі, хатняя вішнёўка, канцэрт у Багаяўленскім саборы, калі ня толькі твар спадарыні Юлі, але ўся яна сьвяцілася шчасьцем і гонарам за сына. І — раскоша чалавечых стасункаў з мудрай і сьветлай жанчынай, якую, здавалася, ведаў не два дні, а — пасьля доўгіх і надзіва шчырых размоваў — цэлае жыцьцё.

У Нью-Ёрку мы сустрэліся ўжо як даўнія сябры. Я быў проста атулены цеплынёю ды клопатамі спадарыні Юлі, і яе мамы Яніны Каханоўскай, роднай пляменьніцы Івана і Антона Луцкевічаў, — і на горным лецішчы Андрусышыных з падобнымі да нашых хрушчоў птушачкамі-калібры над белымі, крэмавымі і ружовымі кветкамі духмянае табакі, і ў нью-ёрскай кватэры з густоўнымі лялькамі ды іншымі Юлінымі творамі-сувэнірамі, нязьменна аздобленымі беларускім арнамэнтам.

Кватэра тады была гасьцінна аддадзеная нядаўнім эмігрантам Зянону Пазьняку і Сяргею Навумчыку. У тых сьценах, дарэчы, нарадзілася маё эсэ «Вустрыцы а пятай раніцы». Так я назаву цяпер кнігу сваіх выбраных эсэ, сярод герояў якой і Юлія Андрусышын. А яшчэ я абавязкова напішу пра яе ў «Імёнах свабоды».

Чую Юлін густы і цёплы непаўторны голас: «Спадар Арлоў...»

Бывайце, дарагая спадарыня Юля! Я веру, што і там Вы будзеце чуць нашыя песьні і Данчыкаву гітару.