Штодня карыстальнікі сеціва сутыкаюцца зь дзясяткамі фэйкаў. Частка зь іх — вынік неправеранай журналістамі інфармацыі. Іншыя — сьвядомая дэзынфармацыя. Штопятніцы Свабода будзе апавядаць пра 3 фэйкі. Запрашаем на ФэйкАгляд тыдня.
Больш за месяц у сеціве актыўна распаўсюджвалася сэнсацыя:
«У Даніі адкрываецца першы публічны дом для заафілаў».
Упершыню такую інфармацыю апублікаваў маргінальны расейскі сайт «Колокол России» са спасылкай на францускі сайт Secretnews.fr. Яе перадрукавалі і беларускія сайты. Ілюстрацыяй да навіны стаў сабака, апрануты як вулічная прастытутка.
Рэч у тым, што Secretnews.fr — гэта сатырычная старонка, на якой публікуюцца выдуманыя гісторыі.
Выкрыў фэйк папулярны блогер Рустэм Адагамаў, які чытае па-дацку. Ён змог зьняпраўдзіць дэзынфармацыю, абапіраючыся на крыніцы ў Даніі.
«Эўразьвяз занепакоены, што ўкраінцы зальюць Эўропу тубэркулёзам».
Шэраг расейскіх СМІ паведамілі, што Эўразьвяз занепакоены магчымасьцю ўспышкі тубэркулёзу пасьля таго, як грамадзяне Ўкраіны могуць бязь візы ўяжджаць у ЭЗ. Расейскія сайты і СМІ назвалі сытуацыю катастрафічнай і выдалі несуцяшальны прагноз: яна будзе толькі пагаршацца. Алярмісты спасылаюцца на Рассельгаснагляд.
Міністэрства сельскай гаспадаркі Ўкраіны патлумачыла, што расейскі орган падае правільныя статыстычныя зьвесткі, але робіць памылковую выснову. Бо колькасьць захворваньняў і сьмяротнасьці з прычыны тубэркулёзу ва Ўкраіне акурат зьмяншаецца.
Расейскія СМІ прыводзяць цытату дырэктара аддзелу назіраньня і лячэньня тубэркулёзу Цэнтру грамадзкага здароўя Ўкраіны пра крызыс аховы здароўя. Але ва ўстанове гэтую інфармацыю зьняпраўдзілі: ніякіх камэнтароў яны расейскім СМІ не давалі. Аўтары фэйку занізілі амаль утрая колькасьць вакцынацыяў супраць тубэркулёзу і не ўзгадалі, што сёлета ўлады Ўкраіны павялічылі бюджэтныя выдаткі на лячэньне гэтай хваробы ўдвая.
У ЗША забаранілі фільм «Прамінула зь ветрам»
Галава расейскага дзяржаўнага мэдыя-агенцтва «Россия сегодня» Дзьмітрый Кісялёў заявіў, што славуты фільм забаронены ў ЗША. Прапагандыст назваў гэтае рашэньне «агульнанацыянальнай катастрофай». Невядома чаму, але віну за гэта Кісялёў усклаў на Барака Абаму.
Але праўда такая, што клясычны ўжо фільм 1939 году ніхто не забараняў. «Прамінула зь ветрам» проста не ўключылі ў праграму фэстывалю Summer Series у кінатэатры Orpheum у Мэмфісе. Прычынай сталі прэтэнзіі да таго, як у карціне паказаныя чарнаскурыя жыхары краіны, а таксама «рамантызацыя рабаўладальніцкіх Злучаных Штатаў».
Гледачам, якія маглі б мець засьцярогі што да свабоды слова ў Расеі, далі зразумець, што сытуацыя «ўсюды аднолькавая».
Ці ведалі вы, што...
Ажно два з трох карыстальнікаў Твітэру, якія пішуць па-расейску пра прысутнасьць NATO ва Ўсходняй Эўропе, — гэта аўтаматычныя акаўнты тыпу «бот». Яны даюць ажно 84% усіх расейскамоўных допісаў на тэму NATO — гаворыцца ў справаздачы цэнтру NATO Strategic Communications Centre of Excellence. Гэтая інстытуцыя месьціцца ў Рызе. Яна дасьледуе інфармацыйную прастору і стратэгічныя камунікацыі.
Падобна сытуацыя выглядае і з ангельскамоўнымі крытычнымі допісамі. Як пішуць экспэрты, чатыры краіны NATO былі пад прыцэлам «ботаў» непрапарцыйна часьцей, чым іншыя, — гэта Эстонія, Літва, Латвія і Польшча.