Накіраваньне міратворцаў ААН для гарантаваньня бясьпекі спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ ў Данбасе ня можа разглядацца ў адрыве ад менскіх пагадненьняў.
Такое меркаваньне выказаў спэцыяльны прадстаўнік старшыні АБСЭ ў Кантактнай групе ўрэгуляваньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны амбасадар Марцін Сайдзік.
«Я асабіста думаю, што гэта цікавы крок, цікавая прапанова, якая адлюстроўвае цяперашнюю сытуацыю, — сказаў Сайдзік расейскаму агенцтву ТАСС. — Праблема ўзмацненьня бясьпекі місіі сапраўды існуе. Мы там, як вядома, нават страцілі аднаго чалавека. Таму казаць, што зь бясьпекай усё ў парадку, было б няправільна».
Пры гэтым Марцін Сайдзік лічыць, што міратворцы ААН мусяць знаходзіцца менавіта на ўсёй тэрыторыі Данбасу:
«Для гарантаваньня бясьпекі назіральнікаў мандаты АБСЭ і ААН павінны быць аналягічныя, а мандат АБСЭ, як вядома, уключае ў тым ліку і маніторынг на мяжы Украіны і Расеі. Гэтая прапанова атрымала даволі станоўчы водгук у сусьветнай супольнасьці, бо гэта важны крок, які спрыяў бы ажыцьцяўленьню менскіх пагадненьняў», — сказаў спэцыяльны прадстаўнік.
У гэтай сувязі Марцін Сайдзік асабліва падкрэсьліў, што ідэю «блакітных касак» у Данбасе ён бачыць выключна ў кантэксьце рэалізацыі менскіх пагадненьняў.
«Калі гэты кантэкст страціцца, такая місія ня будзе служыць справе ўрэгуляваньня канфлікту», — сказаў ён, дадаўшы, што міратворцы — толькі адзін з аспэктаў, неабходных для разьвязаньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
Напачатку верасьня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін пагадзіўся з разьмяшчэньнем міратворцаў ААН на лініі судакрананьня ў Данбасе. Але адзначыў, што гэта адбудзецца толькі пры згодзе самаабвешчаных Луганскай і Данецкай «народных рэспублік». Пазьней Пуцін удакладніў, што разьмяшчэньне міратворцаў магчымае ня толькі на лініі судакрананьня.