Спадар Вячка супраць спадара ўрагану

Сёньня споўнілася 85 гадоў заслужанаму дзеячу беларускага замежжа, былому дырэктару Радыё Свабода Вячку Станкевічу.

Вячка Станкевіч адзначае свой дзень народзінаў у Флорыдзе, дзе толькі што скончыў бушаваць ураган Ірма. Ірму, напэўна, чакала расчараваньне: Вячка заставаўся спакойным, з заўсёднай усьмешкай і нават, магчыма, ціха напяваў нешта сам сабе, як любіў гэта рабіць ва ўсе гады нашай сумеснай працы ў Мюнхэне і Празе.

Сын выдатнага беларускага філёляга, аўтара звароту «спадар» Янкі Станкевіча, Вячка быў беларускім нацыяналістам у найлепшым значэньні гэтых словаў. Калі ён памяняў пасьпяховую інжынэрную кар’еру ў Амэрыцы на працу на Радыё Свабода, яшчэ існаваў Савецкі Саюз. Яго гады кіраўніцтва Беларускай службай прыпалі на час гістарычных зьменаў, нараджэньня беларускай незалежнасьці, першых гадоў дэмакратыі і аўтарытарнага злому. Дзякуючы Вячку на радыё зьявіліся новыя твары, маладыя галасы, жывыя ініцыятывы — усё гэта было ўпершыню, па-новаму, зь нечаканымі выклікамі, праблемамі, канфліктамі, дасягненьнямі. Пастаянными заставалася ўсьмешка, спакойны тон, разважлівасьць, упэўненасьць і аптымізм, які зараджаў усіх у рэдакцыі.

Хутка ўжо дваццаць год, як Вячка вярнуўся ў Амэрыку, дзе выйшла кніга яго жонкі Джоан «Жыцьцё з водарам небясьпекі», прысьвечаная ўраганным гадам эўрапейскіх пераменаў і ўдзелу ў гэтым Вячкі. Яго праца на беларускай ніве ніколі не спынялася. Ён узначальваў Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне, шмат гадоў зьяўляецца намесьнікам старшыні Рады БНР, узначальвае Фонд Крэчэўскага.

Вячка і Джоан Айві Станкевіч

Вятры гісторыі ня страшныя тым, хто ведае сваю мэту, свой азімут і ўпэўнена крочыць па сваім шляху. Нават ураганы тады — спадарожныя.

Шчасьлівага дня народзінаў і доўгай прыемнай дарогі, дарагі Вячка!

Супрацоўнікі Радыё Свабода