Па выніках апытаньня, праведзенага ў пачатку года, у выніку эканамічнага крызысу 75% жыхароў Вэнэсуэлы страцілі ў сярэднім амаль дзевяць кіляграмаў вагі.
Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура распрацаваў так званы «трусіны плян» для супрацьстаяньня эканамічнай вайне, якая, на яго думку, была разьвязаная супраць Вэнэсуэлы імпэрыялістамі. Мадура заклікаў вэнэсуэльцаў разводзіць трусоў і ўжываць жывёльны пратэін у ежы.
Паводле Мадуры, у рамках экспэрымэнтальнага праекта міністра сельскай гаспадаркі, маленькіх трусікаў накіравалі ў 15 мясцовых абшчын. Але празь некаторы час чыноўнікі выявілі, што людзі апранулі жывёлам банцікі, многія далі трусам імёны, бралі іх з сабой у ложак. Міністар сельскай гаспадаркі заклікаў вэнэсуэльцаў пачаць разглядаць гэтых жывёл «з пазыцыі эканамічнай вайны».
Вэнэсуэла перажывае рэкордны ўзровень дзіцячага недаяданьня праз дэфіцыт прадуктаў харчаваньня.