У Расеі адбылася эвакуацыя 20 тысяч чалавек

Эвакуацыя гандлёвага цэнтру ў Санкт-Пецярбургу

У Расеі пасьля ананімных паведамленьняў аб мінаваньні паліцыя праверыла амаль 50 будынкаў у чатырох гарадах.

У Расеі пасьля ананімных паведамленьняў аб мінаваньні паліцыя 14 верасня праверыла амаль 50 будынкаў у чатырох гарадах, адбылася эвакуацыя 20 тысяч чалавек. Пра гэта са спасылкай на крыніцы ў расейскіх праваахоўных органах паведамляе агенцтва ТАСС.

Суразмоўца агенцтва не ўдакладніў, пра якія менавіта гарады ідзе гаворка, аднак раней стала вядома аб эвакуацыі 20 школ у Маскве і дзясяткаў гандлёвых цэнтраў у Санкт-Пецярбургу. Пры гэтым, паводле дадзеных агенцтва «Интерфакс», у адной толькі Маскве пад эвакуацыю трапілі 15 тысяч чалавек.

Ананімныя паведамленьні пра пагрозу выбухаў на вакзалах, у гандлёвых цэнтрах і навучальных установах паступаюць у праваахоўныя органы зь 10 верасьня. За гэты час былі эвакуіраваныя больш за 100 тысяч чалавек у дзясятках рэгіёнаў Расеі. Ніводнае з паведамленьняў пакуль не пацьвердзілася.

Лідэр руху «Хрысьціянская дзяржава — сьвятая Русь» Аляксандр Калінін зьвязаў павеамленьні аб бомбах з пратэстам супраць фільма «Матыльда». «Інтэрфакс» паведамляе, што большасьць паведамленьняў аб мініраваньні паступіла па інтэрнэт-каналах з тэрыторыі Ўкраіны. Вэрсію расейскага выданьня «Комсомольская правда» пра тое, што да ананімных званкоў могуць мець дачыненьне «Кібэрвойскі Ўкраіны», адхіліў у гутарцы з Радыё Свабода іх кіраўнік Яўген Дакукін.

У міністэрствах унутраных спраў і надзвычайных сытуацый Расеі адпрэчваюць і вэрсію пра антытэрарыстычныя вучэньні, у Фэдэральнай службе бясьпекі яе не камэнтуюць. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Ўладзімера Пуціна праінфармавалі аб масавых эвакуацыях у сувязі з паведамленьнямі пра бомбы. Пяскоў назваў тое, што адбываецца «тэлефонным тэрарызмам».