Кіраўніцтва ААТ «Ваўкавыскспэцмантаж» са студзеня месяца не плаціла заробкі сваім рабочым, нягледзячы на тое, што штодня яны выходзілі на працу і выконвалі канкрэтныя заданьні. Як сьцьвярджаюць самі рабочыя, гучалі абяцанкі, але рэальных выплат заробку так і не было.
У вас ва ўсіх ёсьць бацькі на вёсцы, сала вам заўсёды на жыцьцё дадуць.
— У вас ва ўсіх ёсьць бацькі на вёсцы, сала вам заўсёды на жыцьцё дадуць, — гучала з вуснаў кіраўніцтва.
Як высьветлілася пазьней, кіраўніцтва «Ваўкавыскспэцмантаж» цалкам закрэдытавала прадпрыемства; першы паверх офісу, які знаходзіцца ў цэнтры горада, прадалі. У выніку прадпрыемства апынулася на мяжы банкруцтва. Дырэктар звольніўся, заснавальнік знайшоў сабе працу, пакінуўшы калектыў на волю лёсу.
Падманутыя людзі зьвярнуліся ў рэспубліканскі камітэт Беларускага прафсаюзу работнікаў энэргетыкі, газавай і паліўнай прамысловасьці. Дзякуючы адмыслоўцам прафсаюзу справа дайшла да суду. Суд вынес рашэньне на карысьць рабочых.
Прадпрыемства практычна прыпыніла сваю дзейнасьць, засталіся толькі 12 чалавек, „Ваўкавыскспэцмантаж“ на 90% прызналі банкротам.
«Цяпер прадпрыемства практычна прыпыніла сваю дзейнасьць, — расказаў Свабодзе былы прафсаюзны лідэр Аляксандар Папкоў, — засталіся толькі 12 чалавек, „Ваўкавыскспэцмантаж“ на 90% прызналі банкротам, распрадаецца маёмасьць з тым, каб выплаціць даўгі па заробках і крэдытах».
Спадар Папкоў кажа, што цяжка нават прыгадваць, як давялося жыць усе гэтыя месяцы, калі людзі не атрымлівалі заробку: «Усе грошы, якія траплялі на рахунак прадпрыемства, заснавальнік аддаваў за крэдыты, на заробкі не заставалася ні капейкі. У бухгальтэрыю прыходзілі жонкі рабочых зь дзецьмі, прасілі хоць нешта заплаціць, а там толькі разводзілі рукамі, маўляў, няма сродкаў і ўсё».
Аляксандар Папкоў гаворыць, што хадзіў па дапамогу да ўладаў у райвыканкам, але там таксама паставіліся да іх праблемы абыякава.
Каб хоць 1% акцый прадпрыемства належаў дзяржаве, то мы б прымалі нейкія захады, а так прадпрыемства цалкам прыватнае, то і разьбірацца вам самім.
«Мне сказалі ў аддзеле працы, што, маўляў, каб хоць 1% акцый прадпрыемства належаў дзяржаве, то мы б прымалі нейкія захады, а так прадпрыемства цалкам прыватнае, то і разьбірацца вам самім».
Спадар Папкоў кажа, што большасьць звольненых рабочых дагэтуль не працаўладкаваліся, бо ў Ваўкавыску няма працы.
«Некаторым удалося ўладкавацца то ў качагарку, то яшчэ недзе, нехта езьдзіць нават у калгасы на працу, але большасьць сталай працы ня маюць. Мы яшчэ дамагаемся, каб павыплочвалі запазычанасьць па заробках, як вырашыў суд, бо ня ўсе яшчэ атрымалі».