Сустаршыня «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Павал Севярынец паведаміў, што ягоным бацькам у Віцебск прыйшла позва на ягонае імя за ўдзел у акцыі папярэджаньня 8 верасьня ў Менску.
Тады некалькі сотняў чалавек пратэставалі супраць сумесных расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017» і патрабавалі неадкладнага вываду падразьдзяленьняў узброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.
Пры канцы была прынятая калектыўная прысяга на вернасьць Айчыне.
Севярынца заклікаюць зьявіцца ў Цэнтральны райаддзел унутраных спраў Менску 15 верасьня для афармленьня пратаколу.
8 верасьня, падчас акцыі «За мірную Беларусь», арганізаваную Беларускім нацыянальным кангрэсам, адзін зь лідэраў БХД выступіў на мітынгу ў абарону незалежнасьці Беларусі на сталічнай Кастрычніцкай плошчы.
Напярэдадні аналягічную позву атрымаў менскі актывіст Леанід Кулакоў . Яго выклікаюць у Савецкі райаддзел міліцыі для азнаямленьня з пратаколам аб удзеле ў несанкцыянаваным мітынгу і шэсьці 8 верасьня.
13 верасьня Ленінскі суд Магілёва прысудзіў штраф у 20 базавых велічыняў (460 рублёў) сябру аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Станіславу Паўлінковічу. Ён прызнаны вінаватым у парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Паводле пастановы судзьдзі Аксаны Ратнікавай, актывіст удзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі пратэсту ў Менску 8 верасьня.