Супраць глыбоцкага журналіста распачалі новую справу — за інтэрвію пра вучэньні, паказанае на «Белсаце»

Зьміцер Лупач

Зьміцер Лупач атрымаў позву ў Глыбоцкі райаддзел міліцыі, дзе даведаўся, што супраць яго распачатая справа за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» паводле артыкула 22.9 КаАП.

У пратаколе, які склаў старшы інспэктар Сяргей Цырбан, напісана пра інтэрвію наконт вучэньняў «Захад 2017». Маўляў, спадар Лупач запытаўся пра стаўленьне да гэтых вучэньняў у глыбачаніна Ўладзімера Протаса. Той, як даведаўся Зьміцер Лупач, пасьля выхаду нізкі сюжэтаў на спадарожнікавым тэлеканале «Белсат» быў выкліканы ў міліцыю.

«З тлумачэньняў Протаса вынікае, што ён „пазнаў мяне па фота 1“, паказанаму ў міліцыі. Міліцыянт Сяргей Цырбан сказаў, што можа скласьці супраць мяне адразу пяць пратаколаў — пэўна, калі мяне пазнаюць па фота ўсе пяць чалавек, якія гавораць у сюжэце».

Што да Ўладзімера Протаса, імя якога журналіст даведаўся толькі сёньня, то гэта і ёсьць той самы мужчына, чыю заяву пару тыдняў таму растыражавалі СМІ і карыстальнікі сацыяльных сетак. Уладзімер Протас са сьлязьмі на вачох казаў, што тут «не павінна быць натаўскіх танкаў», якія ягоны «бацька выгнаў у 1945 годзе».

Зьміцер Лупач

Паводле Зьмітра Лупача, абстаноўка ў Глыбокім ужо мае адпаведную спэцыфіку ў сьвятле будучых вучэньняў — тут заплянаваны этап, прысьвечаны тэрытарыяльнай абароне:

«У нас на вучэньні выклікаюць вайскоўцаў запасу, і ў дзяржаўных установах узмоцнена ахова — маюць адбыцца вучэньні, накіраваныя на падрыхтоўку мясцовых уладаў да дзеяньняў ва ўмовах вайны. У пастарунку, да прыкладу, я ўбачыў на ўваходзе ўзброенага міліцыянта, наведнікаў прапускаюць толькі праз мэталашукальнік, прымушаюць пакідаць на ўваходзе мабільныя тэлефоны, праводзяць асабісты агляд».

Зьміцер Лупач ужо меў праблемы, калі асьвятляў падзеі, зьвязаныя з вучэньнямі. Калі ён здымаў «прысягу» вайскоўцаў-рэзэрвістаў і нават яе рэпэтыцыю, прэтэнзіі да журналіста выказала кіраўніца ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму Людміла Карніловіч. Яна таксама пагражала паскардзіцца на спадара Лупача ў міліцыю, бо ён «ня мае акрэдытацыі», а «здымаць могуць толькі акрэдытаваныя СМІ».

У траўні 2017-га Глыбоцкі суд прызнаў Зьмітра Лупача вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ — за сюжэт, паказаны на тэлеканале «Белсат». Там апавядалася пра дом № 142 па вуліцы Леніна ў Глыбокім, які ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў вымагае капрамонту. Судзьдзя Людміла Вашчанка наклала на Зьмітра Лупача штраф памерам 30 базавых (690 рублёў).

У ліпені 2015-га незалежны журналіст таксама быў прызнаны вінаватым паводле артыкула 22.9 КаАП ч.2 (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Справу разглядала старшыня Глыбоцкага райсуду Ірына Казак. Тады Зьмітра Лупача аштрафавалі на 25 базавых велічынь за артыкул «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасьня 1939 году», разьмешчаны на сайце Эўрарадыё.