Паводле Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны, сёлета з 1 студзеня па 1 ліпеня Ўкраіну наведалі 1 мільён 48 тысяч 037 беларусаў — гэта ўдвая больш, чым летась.
Іншаземцы, якія ўяжджалі на тэрыторыю краіны, часьцей дэкляравалі прыватныя, а не турыстычныя мэты сваёй паездкі.
«З мэтай „турызм“ колькасьць уязных замежнікаў зьнізілася ў 3,4 разы ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2016 года», — адзначылі ў ведамстве.
Прэзыдэнт Асацыяцыі турыстычных агенцтваў Украіны Антон Рудзіч мяркуе, што такія зьмены ў статыстыцы прадыктаваныя хутчэй зьменай мэтадалёгіі яе падрыхтоўкі.
«Хутчэй за ўсё, зьмянілася мэтадалёгія запаўненьня інфармацыі, бо дэкляруецца, што колькасьць дзелавых паездак ва Ўкраіну павялічылася ў 37 разоў, а ўязны турызм скараціўся ў 3,4 разы. Гэта не адпавядае рэчаіснасьці і нельга верыць такой статыстыцы», — адзначыў экспэрт.
«Што тычыцца беларусаў, то сапраўды паток зь Беларусі павялічыўся. Ва Ўкраіне адзін з апэратараў выйшаў на беларускі рынак і вазіў адтуль турыстаў у Затоку (Адэская вобласьць). Прычым аб’ём сёлета быў такі, што не хапала аўтобусаў. Для беларусаў гэта быў вельмі папулярны кірунак улетку. І гэта якраз тое, што магло даць прырост», — дадаў Антон Рудзіч.
Экспэрт таксама мяркуе, што павелічэньне колькасьці беларусаў, якія наведваюць Украіну, можа быць зьвязанае з актывізацыяй дзелавых кантактаў і правядзеньнем сёлета ў Кіеве конкурсу «Эўравізія».
«Дадаткова трэба разглядаць яшчэ і той момант, што беларусы заўсёды шмат езьдзілі на адпачынак у іншыя краіны праз Украіну — пералёты праз Кіеў былі больш выгадныя з эканамічнага пункту гледжаньня. Магчыма, разрыў у вартасьці зараз стаў яшчэ больш істотным», — патлумачыў Антон Рудзіч.
Іншыя экспэрты мяркуюць, што ў памежных раёнах беларусы аднавілі, гэтак званыя, shop-туры ва Ўкраіну.
«Пэўны пэрыяд часу, адразу пасьля Майдану і пачатку вайны на Данбасе, гэтая плынь істотна скарацілася. Людзі баяліся ехаць. А цяпер плыні ў памежных раёнах зноў аднаўляюцца», — сказаў Свабодзе прадстаўнік аднаго з турыстычных апэратараў Украіны.