Гэта ўжо трэці вятрак, які абслугоўвае фірма Туціна пад Наваградкам. Першыя два таксама былі ўсталяваныя з удзелам польскага капіталу. Ва ўсе тры палякі ўклалі ўжо больш трох мільёнаў даляраў.
«Гэты вятрак ужо працуе і дае электрычнасьць. Вышыня гэтай вежы 120 мэтраў, але самая высокая кропка — на вышыні 178 м. Агульная магутнасьць усіх трох ветрагенэратараў будзе складаць 6,8 Мвт. Электрычнасьць, якая выпрацоўваецца гэтымі вятракамі, пойдзе ў балянс „Гроднаэнэрга“» — распавёў Свабодзе Віктар Туцін.
Калі вятракі акупяцца, яму адказаць складана, бо ўсё залежыць ад таго, як зьменяцца цэны на электрычнасьць пасьля ўвядзеньня ў эксплёатацыю БелАЭС.
Усе тры вятракі здольныя забясьпечыць гадавое запатрабаваньне на электрычнасьць больш як 3,5 тысяч аднасямейных дамоў. Сёньня ў Беларусі працуе больш за 70 ветрагенэратараў.