У Менску ня будзе чэмпіянату Эўропы ў тхэквандо, бо гэты від не ўключылі ў Эўрагульні-2019

Міністар спорту і турызму Аляксандар Шамко

Эўрапейская фэдэрацыя тхэквандо абвясьціла пра перанос чэмпіянату Эўропы ў гэтым відзе адзінаборстваў зь Беларусі ў іншую краіну.

Як паведамляецца на сайце фэдэрацыі, з прычыны непрадбачаных абставінаў прынята рашэньне пра перанос чэмпіянату Эўропы-2017 у тхэквандо і паратхэкандо зь Менску, які быў выбраны на гэтую ролю мінулым летам, у іншае месца.

Прычыны перагляду і новы адрас не ўдакладняюцца. Але на афіцыйным сайце падкрэсьліваецца, што спаборніцтвы ня будуць адмененыя і што цяпер актыўна шукаюць альтэрнатыўную пляцоўку, каб правесьці форум да канца году. Тым часам міністар спорту і турызму Беларусі Аляксандар Шамко заявіў, што ўсё гэта выклікае зьдзіўленьне. Паводле ягоных зьвестках, матывам магло паслужыць рашэньне не ўключаць тхэквандо і ў праграму другіх Эўрапейскіх гульняў, якія пройдуць з 21 па 30 чэрвеня 2019 году ў Менску.

«Рашэньне аб тым, якія віды спорту будуць прадстаўленыя ў праграме Эўрагульняў, не прымаліся беларускім бокам у аднабаковым парадку, — цытуе міністра БелТА. — Вяліся перамовы з эўрапейскімі алімпійскімі камітэтамі, зь міжнароднымі і эўрапейскімі фэдэрацыямі ў відах спорту. Здавалася, дасягнулі поўнага ўзаемаразуменьня. Таму рашэньне Эўрапейскай фэдэрацыі тхэквандо аб пераносе чэмпіянату, які павінен быў прайсьці 26–29 кастрычніка ў палацы спорту „Уручча“, выклікае зьдзіўленьне ў беларускага боку».

Тым ня менш, як адзначыў Аляксандар Шамко, Беларусь адкрытая да канструктыўнага дыялёгу і гатовая абмяркоўваць магчымасьць правядзеньня міжнародных спаборніцтваў у тхэквандо і паратхэквандо ў будучыні.

На думку беларускага міністра, рашэньне асобных чыноўнікаў у эўрапейскай спартыўнай структуры не павінна ўплываць на разьвіцьцё гэтага віду спорту на кантынэнце. Беларускі бок зьбіраецца накіраваць афіцыйны ліст кіраўніцтву Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, каб зьвярнуць увагу на захады Эўрапейскай фэдэрацыі тхэквандо. Там будзе адзначана, што Беларусь цалкам гатовая да правядзеньня чэмпіянатаў Эўропыў тхэквандо і паратхэквандо паводле міжнародных стандартаў.