У Арганізацыі Абʼяднаных Нацый занепакоеныя адсутнасьцю вынікаў расьсьледаваньня забойства Паўла Шарамета. Пра гэта на прэзэнтацыі дакладу ААН паведаміла старшыня маніторынгавай місіі ААН па правах чалавека ва Ўкраіне Фіёна Фрэйзэр.
«Занепакоенасьць выклікае паслабленьне абароны выказваньня меркаваньняў у сродках масавай інфармацыі. Мінула крыху больш за год пасьля забойства журналіста Паўла Шарамета, аднак расьсьледаваньня яго сьмерці няма», — заявіла Фрэйзер.
Таксама яна дадала, што пачасьціліся выпадкі высылкі замежных журналістаў за антыўкраінскую прапаганду.
У 19-м дакладзе ААН аб сытуацыі з правамі чалавека ва Ўкраіне таксама паведамляецца, што на непадкантрольнай Украіне тэрыторыі грамадзяне з праўкраінскімі поглядамі падвяргаюцца запалохваньню і фізычнай небясьпецы.
Нагадаем, што 20 ліпеня 2016 года ў выніку падрыву аўтамабіля ў Кіеве загінуў журналіст Павал Шарамет.