Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў на 21-м паседжаньні АБСЭ ў пытаньнях рэалізацыі прынцыпаў чалавечага вымярэньня выступіў з дакладам пра факты парушэньня свабоды слова ў Беларусі.
Пра гэта паведамляе сайт БАЖ.
Алег Агееў расказаў, што ў Беларусі хваля рэпрэсій у дачыненьні да журналістаў адбываецца, як правіла, падчас павелічэньня пратэставых настрояў у грамадзтве, палітычных кампаній. Сёлета вясной Беларусь сутыкнулася з чарговым этапам масавага перасьледу журналістаў, калі акцыі пратэсту супраць увядзеньня так званага «падатку на дармаедзтва» шырока асьвятляліся ў недзяржаўных СМІ і сацыяльных сетках.
На працягу толькі сакавіка былі зафіксаваныя 123 выпадкі парушэньня правоў журналістаў, зьвязаных з выкананьнем імі прафэсійнай дзейнасьці, у тым ліку 94 затрыманьні і 6 фактаў гвалту з боку міліцыі.
Алег Агееў нагадаў, што ў Беларусі па-ранейшаму ня вырашана пытаньне з журналістамі-фрылансэрамі — яны застаюцца па-за прававым полем. Таксама дзейнічае інстытут акрэдытацыі, што дазваляе перасьледаваць журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ.
Таксама пра сытуацыю ў Беларусі ад імя цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» расказаў Алег Воўчак. У якасьці прыкладу агучыў гісторыю гомельскага блогера Максіма Філіповіча.
Яшчэ аднаго гамельчука — журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага — згадаў у сваім выступе прадстаўнік ЗША, калі пералічваў факты парушэньня правоў журналістаў у рэгіёне АБСЭ.
Нарада АБСЭ ў пытаньнях рэалізацыі прынцыпаў чалавечага вымярэньня зьяўляецца найбуйнейшай у Эўропе рэгіянальнай канфэрэнцыяй, на якой разглядаюцца пытаньні, зьвязаныя з правамі чалавека. Штогод у ёй бяруць удзел больш за 1000 прадстаўнікоў краінаў — удзельніц АБСЭ, выканаўчых структур і партнэраў праграмы супрацоўніцтва АБСЭ, міжнародных арганізацый і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці.
У 1992 годзе Хэльсынскім дакумэнтам на Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ былі ўскладзеныя абавязкі адказнай арганізацыі ў пытаньнях чалавечага вымярэньня АБСЭ ў сфэры бясьпекі. Ад 1998 году нарада праводзіцца штогод у Варшаве, за выключэньнем 1999-га і 2010-га, калі саміты адбываліся ў Стамбуле і Астане.