Найбуйнейшая сетка кінатэатраў Расеі адмовілася ад «Матыльды»

Аб’яднаная сетка кінатэатраў «Синема парк» і «Формула кино» адмовіліся ад паказу фільму «Матыльда» Аляксея Ўчыцеля праз пагрозу бясьпецы, паведамляе газэта «Ведомости» са спасылкай на заяву кінасеткі.

«Рашэньне зьвязана выключна з жаданьнем засьцерагчы наведвальнікаў кінасеткі ад рызыкі, якую цягнуць за сабой публічныя паказы фільма», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Кіраўніцтва сеткі спасылаецца на «неправамерныя дзеяньні» апанэнтаў «Матыльды», якія адбыліся ў апошнія дні, і пагрозы на адрас кінатэатраў.

«Ведомости» адзначаюць, што «Синема парк» і «Формула кино» ўваходзяць у найбуйнейшую ў Расеі сетку кінатэатраў, якая належыць Аляксандру Мамуту. У лютым 2017 году ў яе ўваходзілі 74 кінатэатры з больш чым 500 кіназалямі, гэта амаль кожная сёмая кіназаля ў краіне.

У панядзелак, 11 верасьня, трое ў масках спалілі два аўтамабілі, прыпаркаваныя каля офісу вядомага адваката Канстанціна Дабрыніна і раскідалі ўлёткі з надпісам «За Матыльду гарэць».

Раней у Екацярынбургу апанэнт «Матыльды», які знаходзіцца на псыхіятрычным уліку, паспрабаваў ўехаць на аўтамабілі УАЗ у кінатэатар «Космас». У машыне ляжалі газавыя балёны і каністры з бэнзінам. У Пецярбургу невядомыя кідалі бутэлькі з гаручай сумесьсю ў офіс студыі Аляксея Ўчыцеля.

Фільм «Матыльда», які распавядае пра адносіны цара Мікалая II і балерыны Матыльды Кшэсінскай, выйдзе ў пракат у кастрычніку 2017, але ўжо амаль год праваслаўныя актывісты рэзка яго крытыкуюць, заяўляючы, што фільм «паклёпніцкі» і абражае цара, які кананізаваны РПЦ.