Яму інкрымінуюць артыкул «Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці, учыненае групай асобаў».
Паводле афіцыйнага прадстаўніка Сьледчага камітэту Беларусі Юліі Ганчаровай, Баранчыку завочна выбраная мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту. Таксама Баранчык абвешчаны ў міжнародны вышук. Беларускаму боку вядома, што ён знаходзіцца на тэрыторыі Расеі, куды таксама накіроўваліся пошукавыя дакумэнты.
Паводле Ганчаровай, з канца жніўня сытуацыя не памянялася.
«Дадзеная раней інфармацыя ў гэтай справе актуальная», — сказала карэспандэнту Свабоды Юлія Ганчарова.
Юры Баранчык адмовіўся камэнтаваць сытуацыю карэспандэнту Свабоды і адказваць на пытаньне, ці адчувае ён нейкую пагрозу і ці зьбіраецца здавацца беларускім уладам. У рэдакцыі сказалі, што Баранчык працягвае працу ў агенцтве.
Раней Regnum назваў «паклёпніцкімі» абвінавачаньні, выстаўленыя Юрыю Баранчыку, а таксама беларускім аўтарам Regnum Дзьмітрыю Алімкіну, Юрыю Паўлаўцу і Сяргею Шыптэнку. Таксама агенцтва лічыць, што «справа сфальсыфікаваная», а ўлады вядуць «палітычны перасьлед».
15 сакавіка ў Маскве на запыт беларускага боку Юры Баранчык быў затрыманы. Аднак 16 сакавіка Дарагамілаўскі раённы суд Масквы не задаволіў хадайніцтва пракурора аб выбраньні Юрыю Баранчыку меры стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту. Маўляў, у беларускага боку адсутнічаюць доказы ўчыненьня ім злачынства.
Выкладчык БДУІР Юры Паўлавец, школьны вартаўнік Дзьмітры Алімкін і рэдактар часопіса «Новая эканоміка» Сяргей Шыптэнка пісалі антыбеларускія артыкулы на сайт расейскага інфармацыйнага агенцтва Regnum. У сьнежні 2016 году Паўлавец, Алімкін і Шыптэнка былі затрыманыя і ўзятыя пад варту ў Беларусі.