Рубель

Вільям-Адольф Бугро, «Малыя жабрачкі» (1880)

Вялікія грошы ў 1960-я. Пэнсія ўсяго дванаццаць была.

Дала мама малой шчонаўцы цэлы рубель. Дробных у хаце не было, а ў райчанскую краму прывезьлі халву. Няблізкі сьвет. Ісьці адной страшнавата. Сказала дзяўчынкам суседзкім, што ў Райцу зьбіраецца. І рублём пахвалілася. Тыя зь ёю падрадзіліся.

Калі ў ядловец увайшлі, зразумела, чаму правесьці яе ўзяліся: накінуліся выжлы, быццам крукі, рубель забраць хацелі. Але так моцна трымала свой скарб у сьціснутым кулачку, што як ні стараліся, як ні расьціскалі пальчыкі, вырваць не змаглі.

Кінулі яе «сяброўкі», дахаты вярнуліся. Дзяўчынка ў Райцу ўсё ж трапіла…

Рубель, вярнуўшыся, маме аддала, бо пакуль дайшла, разабралі халву.

Альжбета Кеда

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org