Жонка зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева Назгуль Таламушава нядаўна звольнілася з пасады дырэктаркі рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Гатэль Мінск».
Паводле парталу TUT.BY, яна пакінула пасаду па згодзе бакоў.
«Нячаста бывала на працы, праводзіла шмат часу ў адгулах і бальнічных», — сказалі ў гатэлі.
Выконваць абавязкі кіраўніка гатэля «Мінск» стаў экс-памочнік прэзыдэнта Беларусі, намесьнік дырэктара гатэля Віктар Кучынскі.
Назгуль Таламушава ўзначаліла гатэль «Мінск», які належыць Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта Беларусі, у кастрычніку 2016 году.
У 2010 годзе Курманбек Бакіеў быў адхілены ад улады апазыцыяй. Разам зь сямʼёй ён прыбыў у Менск на асабістае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер ён грамадзянін Беларусі і лічыць немагчымай сваю экстрадыцыю ў Бішкек. Бакіеву і яго сям’і выдзелілі ўчастак у 15 сотак недалёка ад «Мінск-Арэны». На працягу 5 гадоў ён будаваў там дом, а да гэтага жыў у рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Драздах і плаціў за камунальныя паслугі.
Свабодзе Бакіеў сказаў пра сваю жонку: «Яна працуе ў гатэлі „Мінск“ дырэктарам. Раней два гады працавала дырэктарам у гатэлі „На Замкавай“. Яна банкаўскі работнік. Калі жылі ў Кіргізстане, пачынала эканамістам, потым у розных банках працавала. Яна нядрэнна ведае фінансы, банкаўскі сэктар, арыентуецца ў рынкавай эканоміцы і гатэльным ды рэстаранным бізнэсе... Гэта ўжо ня бізнэс, гэта дзяржструктура ў яе... Досыць пасьпяхова ідзе, дай Бог не сурочыць. Я ёй кажу, што на зарплату тваю на Камароўку некалькі разоў, у „Карону“ некалькі разоў схадзіць. Прадукты цалкам зь яе карткі купляем».