«Прыгажосьць патрабуе ахвяраў» — папулярны выраз, які ўжываюць амаль кожны раз, калі хочуць неяк апраўдаць існаваньне стандартаў прыгажосьці. Звычайна маецца на ўвазе, што «ахвяруюць» грашыма, вольным часам і фізычным камфортам, але ў надзвычайнай сытуацыі «прыгажосьць» можа каштаваць здароўя і нават жыцьця.
11 верасьня 2001 году амэрыканка Джэнікс Брукс, як і дзясяткі іншых жанчын, бегла ўніз па лесьвіцы Сусьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку. Бегла басанож, бо туфлі на высокіх абцасах — стандартны жаночы офісны абутак — давялося, вядома ж, зьняць. На шчасьце, парэзы на ступнях былі не настолькі сур’ёзнымі, каб Джэніс не змагла бегчы далей, і яна ўсё ж выжыла. Дэні Джо Гібсан у сваёй кнізе «Памятаючы пра 9/11» таксама узгадваў, што ў лесьвічных пралётах цэнтра ляжалі скінутыя жанчынамі туфлі.
Абутак на высокіх абцасах адыграў не апошнюю ролю ў тым, наколькі кепска ўсё скончылася.
За два гады да тэракту ў Нью-Ёрку здарылася трагедыя на Нямізе ў Менску. Людзі, якія выжылі ў той цісканіне, таксама ня раз адзначалі, што абутак на высокіх абцасах адыграў не апошнюю ролю ў тым, наколькі кепска ўсё скончылася. Дзяўчаты і жанчыны, якія беглі на няўстойлівым абутку па сходах, спатыкаліся, пасьлізгваліся, захрасалі шпількамі ў так званых ліўнёўках, падалі. Часам абцасамі ранілі тых, хто ўжо ўпаў. «А тыя, хто ўнізе ляжаў, яны ўжо былі мёртвыя. Наўпрост у галовы ўтыкаліся абцасы» — узгадвае пацярпелы ў цісканіне Аляксандар Кірынюк.
Я ня ведаю, ці па ўласным жаданьні ў тыя жудасныя дні пацярпелыя жанчыны абіралі абутак на высокіх абцасах. Дрэс-код у офісе? Жаданьне пахваліцца новай парай туфляў? Спроба спадабацца камусьці ў кампаніі? Незадаволенасьць невялікім ростам?
Зрэшты, матывацыя асобна ўзятых жанчын у асобна ўзятай сытуацыі ўвогуле ня грае ніякай ролі: нязручны абутак стаў дадатковым фактарам рызыкі для іх усіх.
Патрабаваньні да жаночай прыгажосьці амаль заўжды абмяжоўваюць нас у фізычнай актыўнасьці.
Увогуле, патрабаваньні да жаночай прыгажосьці амаль заўжды абмяжоўваюць нас у фізычнай актыўнасьці. Спадніца-аловак цудоўна падкрэсьлівае сьцёгны і не дазваляе рабіць шырокіх крокаў, а тым больш хутка бегаць; мудрагелістыя фрызуры вымушаюць дадаткова кантраляваць рухі галавы, «каб нічога не зруйнавалася»; высокія абцасы зноўку ж падкрэсьліваюць форму сьцёгнаў і значна абмяжоўваюць у хуткасьці перамяшчэньня.
Безумоўна, можна ўзгадаць адмысловыя забегі на абцасах, але прыводзіць іх у якасьці аргумэнту за зручнасьць і бясьпечнасьць адпаведнага абутку — гэта цынічная крывадушнасьць. Такія забегі — форма забавы, і параўноўваць іх са штодзённымі заняткамі і тым больш з надзвычайнымі сытуацыямі ну ніяк нельга.
Усё часьцей апошнім часам зьяўляюцца гісторыі, у якіх жанчыны пратэстуюць супраць высокіх абцасаў як абавязковага патрабаваньня працадаўцы, але кожны раз іх пратэст сутыкаецца са шчырым абурэньнем іншых людзей: нібыта, дзеля прыгажосьці можна і пацярпець. Афіцыянтак разглядаюць як сэксуальнае ўпрыгожваньне рэстарацый, стуардэс — як сэксапільны абслугоўваючы пэрсанал. Тое, што абцасы могуць замінаць якаснаму выкананьню непасрэдных абавязкаў — гэта нібыта другаснае пытаньне. Абы вачам радасьць была!
Жанчын у сучасным грамадзтве часта працягваюць успрымаць як нейкі дэкаратыўны элемэнт.
Жанчын у сучасным грамадзтве часта працягваюць успрымаць як нейкі дэкаратыўны элемэнт, пазбаўлены чалавечай годнасьці. На жаль, мы, жанчыны, пасьпяхова навучаемся гэтаму з раньняга дзяцінства і актыўна падтрымліваем глябальны міт пра прыгажосьць ужо будучы дарослымі.
Але я веру, што аднойчы мы прызнаем барбарства многіх эстэтычных практык, якія калечаць жанчын. У Кітаі ж перасталі дзяўчатам масава перабінтоўваць ступні, зьмяншаючы іх памер у два разы. А да гэтага стагоддзямі былі ўпэўнены, што ўсё ў парадку.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.