«Гэта паказвае, што ад 2004 году ў Беларусі нічога не зьмянілася. Менавіта тады мяне разьвярнулі зь беларускай мяжы, і наступныя 5 гадоў я быў неўязным у Беларусь. Цяпер гісторыя зноў паўтараецца».
Паводле яго, эўрапейская супольнасьць занадта «загулялася» з дыктатарам Лукашэнкам і цяпер ня мае рычагоў, каб на яго ўзьдзейнічаць. Таму чарговым разам даводзіцца канстатаваць, што Лукашэнка выкарыстоўвае Эўропу выключна ў карысьлівых мэтах — ці калі трэба зьняць міратворчыя дывідэнды, ці падключыць інстытуты, каб пахваляваць Крэмль.
Лаўрынас Кашчунас гэтаксама не разумее, навошта беларускім уладам ускладняць сытуацыю напярэдадні вучэньняў, правакуючы міжнародны скандал. І калі гэта здарылася, значыць, саюзьнікам ёсьць што хаваць ад назіральнікаў. З гэтага вынікае, што манэўры не такія бяскрыўдныя, як тое намагаюцца паказаць армейскія генэралы.
Дэпутат літоўскага Сэйму Мантас Адаменас падтрымаў калегаў і выказаў занепакоенасьць вучэньнямі «Захад-2017». Пры гэтым яму, як і ўсім літоўскім палітыкам, неабыякавы статус Беларусі, якая ад хаўрусу з Расеяй першай рызыкуе страціць сувэрэнітэт. І запэўніў, што войскі NATO пільна сочаць за сытуацыяй і гатовыя да любога сцэнару маштабных манэўраў.
Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук выказаў меркаваньне, чаму афіцыйны Менск спрабуе «рабіць бізнэс на два бакі» — выбудоўваць стасункі з Эўропай і пры гэтым не разарваць повязі з Расеяй.
На ягоную думку, Лукашэнка ня хоча патрапіць пад расейскі каток, як гэта здарылася з Украінай ці Грузіяй. Але ён у любым выпадку застаецца закладнікам Пуціна, які трымае беларускага калегу на ланцугу. Бачачы такую залежнасьць, Эўропа ня можа ўспрымаць Лукашэнку як сур’ёзнага і дамоваздольнага партнэра.
Да дыскусіі, прысьвечанай сумесным манэўрам, далучыліся супрацоўнікі дыпляматычных місій Японіі, Вялікай Брытаніі, ЗША, Чэхіі.
У Менску праходзіць міжнародная дыскусія на тэму «Рэгіянальная бясьпека і вучэньні «Захад-2017». Погляд зь Менску, Вільні, Варшавы і Кіева». Аўдронюс Ажубаліс і 5 дэпутатаў Сойму Літвы не змаглі трапіць на круглы стол, бо беларускія ўлады ім не далі візаў.