У Горадні пачалі збор сродкаў на «Гарадзенскі крыж» у Курапатах

Крыжы ў Курапатах, архіўнае фота

Крыж ад Горадні ў Курапатах мае нагадваць пра ахвяры гарадзенцаў падчас сталінскіх рэпрэсій.

Ініцыятарам збору сродкаў на крыж у Курапатах ад Горадні выступіў Алесь Чахольскі, старшыня камісіі сойму КХП БНФ у праблемах Курапатаў і Чарнобылю.

Свабодзе Чахольскі сказаў, што новы праект устаноўкі крыжоў у Курапатах ад усіх беларускіх гарадоў і мястэчак распачаўся два гады таму з ініцыятывы берасьцейцаў.

Алесь Чахольскі, архіўнае фота

— Зараз у Курапатах ужо стаяць крыжы ад Берасьця і Століна ахвярам Курапатаў. На жаль, у нас дагэтуль закрытыя архівы, і мы дакладна ня ведаем імёны людзей, якія ляжаць у Курапатах, але добра разумеем, што ад сталінскіх рэпрэсій пацярпеў кожны беларускі горад, кожнае мястэчка і кожная вёска. І наша ініцыятыва заключаецца ў тым, каб тут у Курапатах зьявіліся крыжы, якія б ушанавалі памяць усіх беларусаў, пацярпелых ад сталінскіх рэпрэсій.

Паводле Чахольскага, збор сродкаў на крыжы ў Курапатах вядзецца і ў іншых гарадах і мястэчках Беларусі. У мэмарыяле задуманы цэлы пляц крыжоў ад гарадоў і мястэчак Беларусі. Гарадзенцы маюць сабраць на крыж каля 300 рублёў і паставіць яго ў Курапатах да канца 2017 году.