Радзівон Бас быў дырэктарам фэстывалю «Славянскі базар» 21 год — з 1992 па 2013.
Пра яго сьмерць паведаміла ў фэйсбуку вядучаня Ганна Бонд. «Пад ягоным кіраўніцтвам фэстываль стаў грандыёзным па маштабе сьвятам», — напісала яна.
Радыё Свабода падрабязна апісвала, як у Беларусі зьявіўся «Славянскі базар» і якую ролю ў гэтым адыграў Радзівон Бас.
«Вядома, некалькі год пасьля развалу Савецкага Саюзу ў Беларусі было не да фэстываляў. Толькі ў 1992 годзе традыцыя сьпеўных сьвятаў у Віцебску аднавілася: зьявіўся „Славянскі базар“, перш задуманы як конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песьні. Заснавальнікамі сталі некамэрцыйныя структуры трох дзяржаў — саюз „Зьніч“, якім кіравала Натальля Машэрава і Віцебскі гарадзкі цэнтар культуры пад кіраўніцтвам Радзівона Баса зь беларускага боку, прыватнае расейскае прадпрыемства „Ірыда“, дырэктарам якога быў Сяргей Віньнікаў, і прыватнае ўкраінскае прадпрыемства „Рок-Акадэмія“ на чале зь Мікалаем Красьніцкім. Удзельнікам конкурсу трэба было выканаць песьні славянскіх кампазытараў у суправаджэньні аркестру.
А што да назвы, то яе выбар Радзівон Бас аднойчы патлумачыў вельмі проста: перамовы заснавальнікаў праходзілі ў Маскве, у гатэлі „Россия“, а побач знаходзілася рэстарацыя „Славянскі базар“. Абодва словы адпавядалі часу: азначэньне „славянскі“ яднала заснавальнікаў геаграфічна, а назоўнік „базар“ натхняў на пэрспэктывы прыбытку. Забягаючы крыху наперад, можна сказаць, што яны ня дужа апраўдаліся: часам разьлікі з артыстамі і абслугай зацягваліся на гады, бо ня ўсе канцэртныя праграмы акупляліся ўвогуле.
У 2013 годзе даўняга дырэктара фэстывалю Радзівона Баса — пачынальніка „Славянскага базару“ — замяніў на пасадзе чыноўнік Аляксандар Сідарэнка, былы намесьнік начальніка ўпраўленьня культуры Віцебскага аблвыканкаму. Фінансаваньне фэстывалю скарацілася».