На думку партыйцаў Кастусёў стане лідэрам, зь якім у партыю прыйдзе арганізацыйная трываласьць. Сам вылучэнец кажа, што ягоная задача найперш кансалідаваць грамадзкія сілы, каб супрацьстаяць пагрозе страты Беларусьсю незалежнасьці.
За Кастусёвым няма таго за што яго можна ганьбіць
Паводле кіраўніка Магілёўскай абласной арганізацыі Віталя Макаранкі, у Кастусёва дастатковы палітычны, прафэсійны ды экспэртны досьвед, каб узначаліць партыю. Ён, адзначае партыец, здольны дамаўляцца з прадстаўнікамі іншых палітычных партыяў па розных пытаньнях. Акрамя таго, заўважае актывіст, за Кастусёвым няма дыскрэдытуючых гісторыяў і ўчынкаў, за якія яго можна ганьбіць.
«Ён ня будзе перашкаджаць разьвівацца іншым партыйным актывістам, бо ў яго няма дыктатарскіх схільнасьцяў, — лічыць Макаранка. — На сходзе прагучала, што ён будзе спрыяць узгадаваньню маладых лідэраў і ідэяў у партыі. Прагучалі думкі, што з Кастусёвым прыйдзе арганізацыйная трываласьць, бо ён сам чалавек арганізацыйна сабраны і трымаецца вызначанага пляну».
Кастусёў: разьяднанасьць нацыянальна-патрыятычных сілаў падвышае градус небясьпекі для Беларусі
Рыгор Кастусёў у інтэрвію Свабодзе адзначыў, што рашэньне вылучыцца на пасаду старшыні партыі далося яму ня проста. Ён прызнаецца, што гэтага рабіць не зьбіраўся і толькі пасьля кансультацыяў з аднапартыйцамі да меркаваньня якіх прыслухоўваецца пераканаўся, што варта вылучацца.
«Цяпер мяне непакояць падзеі вакол Беларусі, якія нясуць пагрозу для незалежнасьці краіны, — кажа ён. — Я зьяўляюся прыхільнікам аб’яднаньня прадэмакратычных і нацыянальна-патрыятычных сілаў. Іхная разьяднанасьць спрыяе падвышэньню градусу небясьпекі для Беларусі. Гэта тое, што мяне хвалюе найбольш і партыя БНФ будзе накіроўваць свае высілкі ў рэчышчы вырашэньня гэтай праблемы».
Рыгор Кастусёў адзначае, што партыя возьме ўдзел у мясцовых выбарах і зьбіраецца вылучаць свайго кандыдата на пасаду прэзыдэнта ў 2020 годзе. Пакуль Кастусёў не гатовы казаць, ці паўторыць вылучэньне сябе на прэзыдэнцтва, як гэта было ў 2010 годзе.
«Я неаднойчы ўжо казаў, што варта вылучаць маладзейшых кандыдатаў. Я трымаюся гэтай пазыцыі, — падкрэсьлівае ён. — Мы будзем шукаць чалавека ў партыі БНФ векам маладзейшага і здольнага стаць вартым кандыдатам на прэзыдэнцтва».
Акрамя Рыгора Кастусёва заявілі пра намер балятавацца на пасаду старшыні партыі БНФ Вольга Дамаскіна, Ільля Дабратвор. Па словах Рыгора Кастусёва заяўляў пра гатоўнасьць пазмагацца за старшынёўства ў партыі і Алесь Таўстыка.
Не пайшоў у каманду Лукашэнкі. Падтрымаў Пазьняка
Рыгору Кастусёву 60 год. Сам зь Бялыніччыны. Займаў кіроўныя пасады ў сельгаспрадпрыемствах у Бялыніцкім раёне і ў камунальнай гаспадарцы Шклова. У 2001 годзе быў звольнены з пасады кіраўніка Шклоўскага камунгаса за ўдзел у камандзе кандыдатаў на прэзыдэнцтва Сямёна Домаша і пазьней Уладзімера Ганчарыка. Займаўся прыватным бізнэсам. У 2008 годзе пасьля таго, як падтрымаў пратэсты прадпрымальнікаў і хадзіў на перамовы з старшынём аблвыканкаму Барысам Батурам вымушаны быў праз ціск свой бізнэс спыніць.
Кастусёў мае вышэйшую адукацыю. У Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі вучыўся ў адзін час з Аляксандрам Лукашэнкам. Па словах Кастусёва з будучым кіраўніком дзяржавы ён пазнаёміўся ў 1988 годзе, калі Лукашэнка езьдзіў па раёнах з праграмай арганізацыі працы ў сельскіх гаспадарках гаспадарчым разьлікам.
У 1989 годзе калі Лукашэнка наважыўся стаць дэпутатам Вярхоўнага савету СССР, Кастусёў быў адзіным кіраўніком сельгаспрадпрыемства, які падтрымаў ягоную кандыдатуру. Разышліся ў поглядах Лукашэнка і Кастусёў на пачатку 1990 году. Лукашэнка выступаў супраць развалу Савецкага Саюзу, а Кастусёў — за незалежнасьць Беларусі і вітаў развал СССР. У 1994 годзе Кастусёў адмовіўся ісьці ў каманду кандыдата на прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Падтрымаў іншую кандыдатуру — Зянона Пазьняка. За час сваёй палітычнай кар'еры Кастусёў старшыняваў у Шклоўскай раённай партыйнай арганізацыі. Узначальваў абласную арганізацыю. Цяпер -- цяпер намесьнік старшыні партыі.