У савецкім мінулым Сахалін біў рэкорды ў краіны па надоях малака. Выспа была на трэцім месцы ў РСФСР. Сёньня 60% малака і амаль усё мяса ў Сахалін завозяць з мацерыка. Вярнуць савецкую славу мясцовыя ўлады хочуць дзякуючы беларусам.
Беларускую фэрму і аграгарадок будуюць у вёсцы Раздольнае на поўдні выспы. Па моры 150 кілямэтраў да Японіі. Да 1946 году Раздольнае належала японскай прэфэктуры Карафута і называлася Ахата. Але будаваць высокатэхналягічны комплекс мясцовыя ўлады папрасілі не інавацыйных японцаў.
«Мы абралі Беларусь, бо гэта краіна зь вялікім аграрным ухілам і вялікімі сельскагаспадарчымі традыцыямі» — кажа ў інтэрвію Свабодзе Валерый Рыжкоў зь Міністэрства сельскай гаспадаркі Сахаліна. Пры гэтым Сахалін забясьпечвае сябе цалкам бульбай, да чаго «бульбяной» Беларусі яшчэ далёка. А звыш паловы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Беларусі ўвогуле стратныя.
Землятрусы ня страшныя
Тым ня менш у сахалінцаў вялікія спадзяваньні на беларусаў. Валерый Рыжкоў распавёў Свабодзе, што дзякуючы фэрме, якую беларусы будуюць у Раздольным, выспа забясьпечыць сябе малаком на 80%. Беларусы яе ня толькі будуюць, але і цалкам распрацавалі праект.
«Фэрма будуецца з улікам нашых кліматычных умоваў. Будовы змогуць вытрымаць штуршкі да 8 балаў. Канструкцыі запраектаваныя з улікам вялікай вільготнасьці на Сахаліне. На даху будуць замантаваныя канькі з полікарбанату, якія забясьпечаць кароўнік сьвятлом, якога не хапае на Сахаліне. Пакрыцьцё ўнутры будзе гумовае, каб жывёлы ня коўзаліся. У нас такога раней ніколі не было» — гаворыць Рыжкоў.
Зь Беларусі і будаўнікі, і каровы
На фэрму, паводле дамовы, павінны даставіць 1000 беларускіх кароў. Пастаўляць іх будуць самалётамі. На пытаньне, ці ў Расеі няма сваіх кароваў, спадар Рыжкоў кажа: «Племяннога быдла ў Расеі ня так і шмат. Але частка статку будзе ўсё ж нашая».
Усё абсталяваньне для кармленьня кароў, ачысткі фэрмы ад гною, кіраваньня фэрмай — беларускае.
«Усё кампутарызаванае. Даіць кароваў будзе вашая ўстаноўка „Паралель“. Для Сахаліна гэта будзе рэвалюцыя» — гаворыць прадстаўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі Сахаліна.
На мясцовых форумах пад навінамі пра беларускую нанафэрму сахалінцы скардзяцца, што беларусы будуць забіраць у іх працоўныя месцы. Паводле Рыжкова, беларусаў у Раздольным сапраўды шмат і так будзе да таго часу, пакуль яны не навучаць мясцовы пэрсанал самастойна абслугоўваць фэрму. Частку будучых кадраў з Раздольнага накіравалі на практыку на беларускія кароўнікі.
Беларускі аграгарадок на экспарт
Жыць пэрсанал кароўніка будзе 50-ці аднасямейных дамах, якія таксама будуць беларусы.
«Гэта аграгарадок паводле XXI стагодзьдзя. Кожны дом амаль 100 жылых мэтраў. Камфортыя і прыгожыя дамы» — кажа Валерый Рыжкоў.
Ацяпляцца дамы будуць торфам, пры тым, што на Сахаліне агромністыя радовішчы газу. Валеры Рыжкоў тлумачыць, што Карсакаўскі раён, дзе знаходзіцца фэрма і аграгарадок, пакуль не газіфікаваныя. «Але як толькі, дык адразу»- кажа ён.
Беларусі сад і сахалінская карупцыя
Разынкай аграгарадка стане беларускі сад у Раздольным. Зь Беларусі на Сахалін прывезьлі тысячу яблыневых саджанцаў і амаль столькі ж грушаў. Кажуць, што ўсе дрэўцы прыжылі і праз два гады чакаюць першы ўраджай. Пры ўмове, што яго ня зьесьць карупцыя.
Сахалін лічыцца адным з самых карупцыйных рэгіёнаў Расеі. Два гады таму на востраве арыштавалі губэрнатара, празь некалькі месяцаў мясцовага дэпутата. Сёлета на карупцыі пагарэў міністар сельскай гаспадаркі Сахаліну, а літаральна тыдзень таму паводле падазрэньня ў хабары быў затрыманы мэр Карсакава, побач зь якім і будуецца беларускі нанакомплекс.