Усясьветны досьвед для Беларусі. Як змагаюцца з алькаголем у суседніх краінах і ня толькі

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі чарговы раз выступіла з ініцыятывай забараніць продаж алькагольных напояў у начны час, а таксама на аўтазапраўках.

У прыватнасьці, разглядаецца прапанова спыніць рэалізацыю сьпіртнога пасьля 23.00, а крамы пры АЗС пазбавіць права на падобны асартымэнт.

Пакуль жа ў Беларусі алькаголь можна набыць усюды, у любы час і без абмежаваньняў.

У чэрвені 2015 году ўжо прымалася рашэньне абмежаваць продаж алькаголю ад 23.00 да 9.00. Аднак навацыі пратрымаліся зусім нядоўга: падчас нарады ў пытаньнях вытворчасьці і абарачэньня алькагольнай прадукцыі Аляксандар Лукашэнка пакрытыкаваў «самадзейнасьць» асобных ведамстваў — і абмежаваньні неадкладна адмянілі.

Свабода высьветліла, як змагаюцца з начнымі выпівохамі ў іншых краінах.

Расея

У Расеі фармальна абвешчана антыалькагольная кампанія, хоць разгалінаваная сетка падпольнага гандлю зводзіць тыя высілкі да мінімуму. Продаж моцных (ад 15%) напояў мусіць ажыцьцяўляцца ад 10-й да 22-й гадзіны. Забароны на начны продаж дзейнічаюць больш як у 70 рэгіёнах Расейскай Фэдэрацыі, а самы суровы абмежавальны графік на Чукотцы — ад 20-й і да поўдня.

Украіна

​На пачатку чэрвеня набыло сілу рашэньне гаспадарчага суду Кіева, у адпаведнасьці зь якім гарадзкая рада абавязаная адмяніць забарону на продаж алькаголю ў сталіцы ад 23.00 да 10.00. Згодна з судовым вэрдыктам, мясцовая ўлада, абмежаваўшы рэалізацыю алькагольных і слабаалькагольных напояў у аб’ектах гандлю, самавольна ўстанавіла забарону, чым абмежавала самастойнасьць прадпрыемстваў у рэалізацыі тавараў. Такім чынам, алькаголь у Кіеве ды астатніх гарадах можна набываць вольна і ў любы час.

Польшча

Летась у Польшчы заявілі пра падрыхтоўку закону аб абмежаваньні продажу алькаголю. Анансавалася, што праект прадугледжвае права органаў мясцовага самакіраваньня вырашаць, у якіх месцах і ў які час дазваляць продаж сьпіртнога. Новыя правілы меліся распаўсюдзіць ня толькі на крамы, але і ўстановы харчаваньня. Аднак у ініцыятывы шмат праціўнікаў і далей за размовы справа не пайшла. У якасьці аднаго з аргумэнтаў даводзіцца, што гэта ўдарыць па бюджэце краіны. Сёньня алькаголь можна набываць дзе і калі заўгодна.

Балтыя

У краінах Балтыі дзейнічае забарона на раздробны продаж сьпіртнога і піва ад 22-й да 8-й гадзіны.

У Латвіі ў начны час гандаль алькаголем дазволены толькі ў барах і рэстаранах, якія маюць адпаведную ліцэнзію.

У Літве, якая лідзіруе ў рэйтынгу самых пітушчых краінаў сьвету, Кабінэт міністраў сёлета ухваліў больш жорсткія захады ў рэалізацыі алькагольнай прадукцыі, якія пачнуць дзейнічаць ад 2018 году. Будзе дазволены продаж ад панядзелка да суботы ад 10.00 да 20.00, а ў нядзелю — да 15.00, а ўзроставы цэнз падвышаны з 18 да 20 гадоў. Начны продаж у гандлёвых цэнтрах, крамах, на аўтазаправачных станцыях забаронены ад канца 2000-х.

Начная забарона на продаж сьпіртнога дзейнічае таксама ў Эстоніі. Прапанова прыпыніць рэалізацыю алькаголю ў выходныя дні падтрымкі не атрымала.

Спажываньне алькаголю ў Эўропе

Нямеччына

У Нямеччыне ніякіх абмежаваньняў на рэалізацыю алькаголю не існуе. Ён прадаецца як у звычайных прадуктовых крамах, так і ў спэцыялізаваных ці фірмовых маркетах. Забаронена тычыцца толькі ўзросту пакупніка — ня меней за 18 гадоў. Адзінае выключэньне — дазвол на продаж алькаголю на аўтазаправачных станцыях — ад 10.00 да 18.00.

Швайцарыя

У Швайцарыі, якую нярэдка бяруць за ўзор ва ўсім, у 2013 годзе забаронены продаж алькаголю пасьля 22.00. Час забароны дзейнічае да 6-й раніцы. За гэта аднагалосна прагаласавала Рада кантонаў. Начное абмежаваньне дзейнічае для ўсіх прадпрыемстваў розьнічнага гандлю, а таксама для кур’ераў дастаўкі ежы, якім дагэтуль дазвалялася прывозіць кліентам піва ды слабаалькагольныя напоі. Гатэлі і рэстарацыі пад пагрозай пакараньня ня маюць права прадаваць у начны час алькаголь з-пад прылаўка.

Францыя

У вінаробнай Францыі забаронена прадаваць любы алькаголь пасьля 22.00, але гэта правіла распаўсюджваецца на гіпэр- і супэрмаркеты. Міні-крамы бесьперашкодна гандлююць усім асартымэнтам, пачынаючы ад піва і заканчваючы 40-градуснымі напоямі. Таксама забароненыя «адкрытыя бары», дзе напоі, якія зьмяшчаюць алькаголь, уключаныя ў кошт уваходных квіткоў. У крамах пры аўтазаправачных станцыях, а таксама ў разьмешчаных тут кавярнях забаронены продаж алькаголю ад 18-й вечара да 8-й раніцы.

Скандынавія

У Скандынавіі самыя жорсткія алькагольныя правілы ў Эўропе. Гандаль ажыцьцяўляецца выключна празь дзяржаўныя сеткі і прадаюць асобам, старэйшым за 20 гадоў. У Швэцыі моцны алькаголь і піва прадаюцца ў манапалістычнай сетцы Systembolaget: ад 10.00 да 18.00 па буднях і з 10.00 да 15.00 у суботу. У нядзелю алькаголем не гандлююць.

У Нарвэгіі больш чым паўстагодзьдзя дзейнічала поўная забарона на вытворчасьць моцных алькагольных напояў. Сёньня продажам сьпіртнога займаецца сетка Vinmonopolet, крамы працуюць ад 10.00 да 17-й ці 18-й гадзіны. Прычым на ўсё Осла толькі чатыры спэцыялізаваныя кропкі. Піва ў гіпэрмаркетах адпускаюць да 19.00.

У суседняй Фінляндыі за адзін раз можна купіць максымум два літры абсалютнага алькаголю. Віна-гарэлачныя крамы тут працуюць у будні ад 10-й да 17-й, у суботу — да 14-й, у нядзелю зачыненыя.

Злучаныя Штаты

У ЗША абмежаваньні на час і месцы продажу сьпіртнога адрозьніваюцца ў розных штатах. Так, у Каліфорніі гандаль як у барах, так і ў розьнічных сетках забаронены ад 2 да 6 гадзін раніцы. У Калярада ўсе напоі, акрамя 3,2-адсоткавага піва, можна прадаваць толькі ў спэцыяльных крамах. У многіх штатах нельга прадаваць выпіўку па нядзелях, у некаторых — на Каляды і падчас выбараў. У астатнім доступ да сьпіртнога збольшага неабмежаваны за выняткам таго, што пакупніку мусіць быць не меней за 21 год.

Арабскі сьвет

Пратэст, арганізаваны паэтамі і інтэлектуаламі Багдаду супраць закрыцьця сацыяльных клюбаў, дзе прадаецца алькаголь. 2010 год

​Самыя жорсткія абмежаваньні на абарачэньне алькаголю дзейнічаюць у арабскім сьвеце. У бальшыні краінаў вытворчасьць, імпарт і спажываньне забаронена законам, за парушэньне якога прадугледжваюцца суровыя пакараньні. Тым ня меней, у больш лібэральных месцах дазволены гандаль сьпіртным у гатэлях: алькаголь адпусьцяць замежніку пасьля прад’яўленьня пашпарта.