«Беларуськалій» страціў усялякую цікавасьць да супрацы з «Уралкаліем»

Навакольле прадпрыемства "Беларуськалій"

«Беларуськалій» ня бачыць мэтазгоднасьці ў альянсе з «Уралкаліем». Пра гэта заявіў генэральны дырэктар прадпрыемства Іван Галаваты падчас міжнароднай канфэрэнцыі «Аrgus. Мінэральныя ўгнаеньні – 2017».

«Беларуськалій» і «Беларуская калійная кампанія» пасьля 2013 году заваявалі аўтарытэт сярод пакупнікоў і вытворцаў. На мой погляд, гэта самадастатковыя кампаніі, каб ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць самастойна», — цытуе Галаватага БЕЛТА.

Паводле кіраўніка найбуйнейшага экспартна арыентаванага прадпрыемства Беларусі, салігорскі калій сёньня займае 20% усясьветнага рынку і апошнія тры гады аб’яднаньне ўтрымлівае лідэрскія пазыцыі ў сьвеце.

Скандал з Баўмгертнэрам

У адмыслоўцаў тандэм «Беларуськалію» і «Ўралкалію» асацыюецца найперш з гучным міжнародным скандалам.

У ліпені 2013 году кіраўніцтва «Ўралкалію» заявіла, што ня будзе арыентавацца на сумеснае прадпрыемства зь «Беларуськаліем» (Беларускую калійную кампанію) і пачне прадаваць ўгнаеньні самастойна. Рашэньне было матываванае тым, што беларусы пачалі пастаўкі хлёркалію ў абыход БКК.

Тагачасны прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч запрасіў гендырэктара «Ўралкалію» Уладзіслава Баўмгертнэра ў Менск, каб узгадніць пазыцыі, але той быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ проста ў аэрапорце. Бізнэсоўца абвінавацілі ў злоўжываньні паўнамоцтвамі і крадзяжы ў асабліва буйным памеры — 100 мільёнаў даляраў.

Экс-гендырэктар "Уралкалію" Ўладзіслаў Баўмгертнэр

Наступны месяц Баумгертнэр адсядзеў у СІЗА, пасьля чаго яго перавялі пад хатні арышт.

Пад ціскам беларускага боку крымінальную справу на Баумгертнэра завялі і ў Расеі. Але чакаць экстрадыцыі давялося яшчэ некалькі месяцаў, цягам якіх тагачасны ўладальнік «Уралкалію» Сулейман Керымаў пасьля выстаўленага Аляксандрам Лукашэнкам ультыматуму распрадаваў свае актывы структурам Міхаіла Прохарава і Дзьмітрыя Мазепіна.

Яшчэ месяц Баўмгертнэр правёў у маскоўскім сьледчым ізалятары, пасьля чаго меру стрыманьня суд зьмяніў на хатні арышт. У верасьні 2014 году Баўмгертнэр быў вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе, а на пачатку 2015-га крымінальная справа супраць мэнэджэра ў Расеі была спыненая.

Неўзабаве колішні генэральны дырэктар кампаніі «Ўралкалій» Уладзіслаў Баўмгертнэр быў прызначаны кіраўніком аднаго з найбуйнейшых у Расеі партовых апэратараў Global Ports.

Рада дырэктараў, спыняючы выбар на кандыдатуры топ-мэнэджэра, канстатавала, што ў расейскай бізнэс-прасторы ёсьць толькі некалькі асобаў зь неабходнымі здольнасьцямі, якія могуць падняць справу на прынцыпова новы ўзровень.

Расейцы зацікаўленыя, але...

Сёлета ў чэрвені асноўны бэнэфіцыяр «Уралкалію» Дзьмітрый Мазепін ня выключыў, што супрацоўніцтва ў продажы хлёркалію зь «Беларускай калійнай кампаніяй» можа быць адноўленае.

Але з заяваў гендырэктара салігорскага прадпрыемства выглядае, што беларускі бок страціў усялякі інтарэс да колішніх партнэраў.