Сярод спэцыялістаў у галіне мікрабіялёгіі, якія вывучаюць мікраарганізмы, існуе жарт, што невядома хто для каго існуе — мікробы для чалавека ці чалавек для мікробаў.
Сапраўды, чалавек жыве ў шчыльным атачэньні самых розных мікраарганізмаў, якія знаходзяцца літаральна ўсюды, і на скуры, і ў страўнікава-кішэчным тракце, удзельнічаюць у самых розных працэсах жыцьцядзейнасьці. Пры гэтым вялікая колькасьць мікробаў вельмі неабходная нашаму арганізму. Яскравым прыкладам зьяўляецца стрававальны тракт.
На сёньняшні дзень вядома, што ў стрававальным тракце знаходзіцца каля 1014 бактэрый, пры гэтым для іх нармальнага функцыянаваньня неабходны прыём спэцыяльных рэчываў, якія завуцца прабіётыкамі. Да найбольш распаўсюджаных прабіётыкаў адносіцца ёгурт, бо ў яго складзе знаходзяцца бактэрыі, якія зьяўляюцца «здаровымі» і «дружалюбнымі» — яны вельмі неабходныя для нармальнай дзейнасьці кішэчніка.
Прабіётыкі дапамагаюць зьнізіць харчовую алергію, нармалізаваць дзейнасьць жоўцевага пухіра, супрацьдзейнічаюць узьнікненьню язвы страўніка, прадухіляюць анкалягічныя хваробы кішэчніка. На сёньняшні дзень з прычыны станоўчых эфэктаў прабіётыкаў нават зьявілася такая прымаўка, што прабіётыкі — гэта неад’емная частка фарміраваньня кішэчніка доўгажыхара.
Існуюць таксама прэбіётыкі. Гэта спэцыяльныя рэчывы, якія не выкарыстоўваюцца ў якасьці ежы, але неабходныя для стварэньня новых калёній карысных бактэрый пераважна ў тоўстым кішэчніку. Прэбіётыкі рыхтуюцца на аснове такіх рэчываў як інулін і фрукта-алігасахарыды.
Зрэшты прэбіётыкі могуць быць і харчовымі прадуктамі. У прыродзе тыповым прэбіётыкам зьяўляюцца рознакаляровая садавіна і гародніна, якая мае вялікую колькасьць харчовых валокнаў, якія якраз і зьяўляюцца неабходным харчовым субстратам для бактэрый тоўстай кішкі.
Спадзяемся, вы зразумелі, што такое прабіётыкі і прэбіётыкі. Каб атрымаць ад іх карысьць, зусім ня трэба бегчы ў аптэку і траціць грошы. Дастаткова кожны дзень ужываць ёгурт ці кефір — прабіётык, і ня менш за 400 грамаў рознакаляровай садавіны і гародніны, напрыклад, яблыкі, буракі, гуркі, капусту і іншыя, якія зьяўляюцца прэбіётыкамі. Такое спалучэньне падтрымае здароўе вашага кішэчніка.