«Не для нас ананас-9». Набор з 10 прадуктаў патаньнеў на 1,15 рубля

Калі параўноўваць з пачаткам году, у верасьні патаньнелі сьвініна, алей, цукар і яйкі. Бульба, хлеб і малако падаражэлі.

Радыё Свабода працягвае штомесячны маніторынг цэнаў у Беларусі на самыя неабходныя тавары. Мы адсочваем, колькі каштуюць у пачатку кожнага месяца 7 прадуктаў харчаваньня (сьвініна, бульба, яйкі, хлеб, малако, алей і цукар), а таксама аўтамабільнае паліва, праезд у грамадзкім транспарце і квіток у кінатэатар.

Вынікі замераў у студзені, лютым, сакавіку, красавіку, траўні, чэрвені, ліпені і жніўні.

Сьвініна

Мяса добрай якасьці (мы бяром шыйную частку сьвініны) у студзені каштавала 11,99 BYN, у верасьні — 10,79 BYN. Цана зьменшылася і ў параўнаньні са жніўнем, калі кіляграм каштаваў 10,99 BYN.

Яйкі

Мы бяром самы бюджэтны варыянт — «Разумны выбар» С-1. У студзені дзясятак каштаваў 1,95 BYN. У верасьні — 1,79 BYN.

Алей

На 60 капеек патаньнеў алей. У студзені літар прадукту расейскай вытворчасьці «Золотая семечка» каштаваў 2,99 BYN, у верасьні — 2,39 BYN.

Цукар

Беларускі гарадзейскі цукар цягам нашага экспэрымэнту часта трапляў пад акцыі і прадаваўся таньней, чым у студзені, калі ягоная цана была 1,69 BYN. У верасьні мы не заўважылі адмысловых пазнак на цэньніку, якія б сьведчылі пра акцыю, але цана ніжэйшая — 1,55 BYN.

Бульба

Праз сваю сэзоннасьць улюбёная гародніна беларусаў адзначаецца самымі значнымі ваганьнямі цаны. Так, кіляграм каштаваў: у студзені — 0,38 BYN, у лютым — 0,37 BYN, у сакавіку — 0,49 BYN, у красавіку — 0,54 BYN, у траўні — 0,99 BYN, у чэрвені — 1,09 BYN, у ліпені — 1,59 BYN і ў жніўні — 0,99 BYN. У пачатку верасьня — 0,69 BYN. Такім чынам, самая нізкая і самая высокая цана розьняцца ў 4,3 раза.

Хлеб

Паўкіляграмовы бохан бездражджавога хлеба «Добры» каштаваў 0,91 BYN у пачатку студзеня, але ўжо з наступнага месяца цана вырасла да 0,95 BYN. Такой яна застаецца і ў верасьні.

Малако

Як і хлеб, малако (мы бяром «Савушкин продукт» 2,5% тлустасьці) падаражэла ў пачатку году, і больш яго цана не зьмянялася (у студзені было 1,3, пачынаючы з сакавіка — 1,34 BYN).

Квіток на праезд

Цана не мяняецца цягам 9 месяцаў экспэрымэнту — 0,55 BYN.

Аўтамабільнае паліва

У пачатку году літар AІ-95 каштаваў 1,19 BYN, пачынаючы з чэрвеня — 1,25 BYN.

Кіно

Квіток на вячэрні сэанс у кінатэатры «Беларусь» у пачатку году каштаваў 5,5 BYN, у верасьні — 6 BYN (мы выбралі баявік «Целаахоўнік кілера»).

Такім чынам, у параўнаньні з пачаткам году кошык прадуктаў патаньнеў на 1,15 BYN (у студзені — 28,45 BYN, у верасьні — 27,3 BYN) у рублёвым вымярэньні і на 0,29 цэнта ў даляравым вымярэньні (у студзені — $ 14,44, у верасьні — $ 14,15).

Пра паніжэньне спажывецкіх цэнаў улетку 2017 году сьведчаць і дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Мінулы раз дэфляцыя ў Беларусі назіралася ў жніўні 2016 году, а да таго — аж у жніўні 2009 году. Цяперашняя дэфляцыя адбылася за кошт харчовых тавараў, якія патаньнелі на 0,7%. Тым часам нехарчовыя тавары падаражэлі на 0,4%, паслугі — на 0,6%.

У жніўні міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі заявіў, што ў Беларусі ня варта чакаць росту цэнаў.

***

Свабода фіксуе цэны на адны і тыя ж тавары на пачатку кожнага месяца на працягу году ў адной і той жа менскай сеткавай краме, якая знаходзіцца ў сярэднім цэнавым сэгмэнце.

У якасьці адзінкі мы бяром кіляграм ці літар.