Пра гэта, як паведамляюць расейскія СМІ, заявіў па выніках саміту BRICS (Бразылія, Расея, Індыя, Кітай, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка) у Кітаі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
«Наяўнасьць міратворцаў, нават можна сказаць не міратворцаў, а тых людзей, якія гарантуюць бясьпеку місіі АБСЭ, лічу цалкам дарэчнай і ня бачу тут нічога дрэннага. Наадварот, лічу, што гэта пайшло б на карысьць вырашэньня праблемы на паўднёвым усходзе Ўкраіны», — сказаў Пуцін.
Ён дадаў, што гэтыя сілы павінны знаходзіцца выключна на лініі разьмежаваньня бакоў і «ні на якіх іншых тэрыторыях».
Уладзімір Пуцін таксама паведаміў, што даручыў расейскаму МЗС ўнесьці праект рэзалюцыі па міратворцах у Данбасе на разгляд Рады бясьпекі ААН.
У час знаходжаньня ў канцы жніўня ва Ўкраіне міністра абароны ЗША Джэймса Матыса прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка паведаміў, што абмеркаваў зь ім магчымае разгортваньне міратворчай місіі ААН з мандатам Рады бясьпекі ААН у асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей. Расейскі бок у асобе прэс-сакратара МЗС Марыі Захаравай назваў ініцыятыву Ўкраіны адносна ўвядзеньня міратворцаў ААН у зону канфлікту на Данбасе спробай перашкодзіць працэсу рэалізацыі менскіх дамоваў.