Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла яе сяброўка Натальля Міцкевіч, якой Вольга патэлефанавала зь міліцэйскай машыны. Паводле Міцкевіч, Мікалайчык раней была асуджаная на 10 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі і супраць ваенных баз Расеі ў канцы чэрвеня ў Менску.
Гэтую інфармацыю пацьвердзіў і актывіст Леанід Кулакоў, аштрафаваны сёньня на 645 рублёў за адзіночны пікет у падтрымку лідэраў незалежных прафсаюзаў 14 жніўня.
Дагэтуль шэраг актывістаў апазыцыі былі затрыманыя ў Менску па адкладзеных прысудах. 26 жніўня быў зьняволены Максім Вінярскі, а 28 жніўня — Мікалай Статкевіч. Празь пяць сутак Статкевіча выпусьцілі на волю.
Рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу (Статкевіч — адзін зь ягоных лідэраў) заклікала ўзяць удзел у акцыі папярэджаньня 8 верасьня на Кастрычніцкай плошчы Менску. Арганізатары акцыі хочуць у Дзень беларускай вайсковай славы ўшанаваць памяць беларускіх партызан і салдат, якія загінулі ў барацьбе з захопнікамі. Тым часам Менгарвыканкам дазволіў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ правесьці 8 верасьня сьвяткаваньне Дня беларускай вайсковай славы ў іншым месцы сталіцы — у Кіеўскім сквэры.