Пасяджэньне склікалі на запыт ЗША, Японіі, Францыі, Брытаніі і Паўднёвай Карэі пасьля паўночнакарэйскага падземнага ядзернага выпрабаваньня 3 верасьня. Паводле ўладаў КНДР, была апрабаваная вадародная бомба, якую можна ўсталяваць на міжкантынэнтальнай балістычнай ракеце.
Гэйлі заявіла, што «ядзерныя дзяржавы разумеюць свае абавязкі, але [кіраўнік Паўночнай Карэі] Кім Чэн Ын ня мае такога разуменьня». «Яго злоўжываньне запускамі ракет і яго ядзерныя пагрозы паказваюць, што ён напрошваецца на вайну».
«Досыць значыць досыць, — сказала Гэйлі. — Злучаныя Штаты ніколі ня хочуць вайны. Мы ня хочам яе і цяпер. Але цярплівасьць нашай краіны не бязьмежная».
Паводле ацэнкі Гэйлі, «час вычарпаў магчымасьці для дыпляматычных сродкаў, каб скончыць гэты крызіс, а гэта значыць, што трэба хутка прыняць наймацнейшыя захады тут, у Радзе Бясьпекі ААН». «Толькі наймацнейшыятсанкцыі дазволяць нам вырашыць гэтую праблему дыпляматычным шляхам», — заявіла амбасадарка ЗША ў ААН.