Міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з заявай, у якой крытыкуе ўлады Паўночнай Карэі з нагоды выпрабаваньня тэрмаядзернай бомбы.
«Дасягненьне міру і стабільнасьці ў рэгіёне магчыма выключна на аснове дыялёгу, у сувязі з чым заклікаем КНДР не дапускаць крокаў, якія парушаюць шэраг рэзалюцый Рады Бясьпекі ААН і правакуюць сілавое вырашэньне сытуацыі», — гаворыцца ў заяве.
Беларускі бок выказаў глыбокую заклапочанасьць выпрабаваньнем, якое «вядзе да эскаляцыі напружанасьці ня толькі ў Паўночна-Ўсходняй Азіі, але і ў сьвеце ў цэлым».
«Выступаем за больш хуткі пачатак перамоўнага працэсу паміж усімі ўцягнутымі бакамі на аснове міжнароднага права і пры выкананьні кампэтэнцыі Рады Бясьпекі ААН. Заклікаем праяўляць стрыманасьць і зыходзіць з прыярытэту падтрыманьня міру», — піша беларускае МЗС.
3 верасьня Паўночная Карэя паведаміла пра выпрабаваньне вадароднай бомбы. Паводле Паўднёвакарэйскага інфармацыйнага агенцтва, падземныя штуршкі зарэгістраваныя ў раёне палігона Пунгеры, найбуйнейшага выпрабавальнага палігона ядзернай зброі на тэрыторыі КНДР.
Генэральны сакратар ААН падкрэсьліў, што Пхэньян парушае міжнародныя абавязаньні і падрывае намаганьні па раззбраеньні. Рада Бясьпекі ААН зьбярэцца 4 верасьня ў сувязі з апошнім ядзерным выпрабаваньнем у Паўночнай Карэі.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ня выключыў магчымасьці прымяненьня вайсковай сілы да Паўночнай Карэі пасьля праведзенага Пхэньянам выпрабаваньня вадароднай бомбы.