Скульптурную кампазыцыю, усталяваную нападалёк ад Сафійскага сабору яшчэ 25-га жніўня, урачыста адкрылі ўвечары 2-га верасьня.
Аўтар памятнага знака — скульптар Уладзімер Піпін, ураджэнец Воршы, а цяпер — выкладчык менскай Акадэміі мастацтваў. Ягоны твор стаў пераможцам конкурсу эскізных праектаў, абвешчанага міністэрствам культуры і полацкімі ўладамі. Было пададзена 10 заявак, і журы аддало перавагу менавіта гэтаму праекту: памятны знак, створаны спадаром Піпіным, уяўляе сабой адначасова ладзьдзю і калыску, сымбалі пачатку жыцьця і яго бясконцага працягу ў падарожжы па хвалях часу.
Ладзьдзя-калыска складзена са шчытоў, злучаных у адзіную зьвязку. З аднаго боку на іх — партрэты знакамітых гістарычных асобаў, ад першага полацкага князя Рагвалода і яго дачкі Рагнеды да легендарнага Ўсяслава Чарадзея і вялікай асьветніцы Эўфрасіньні Полацкай. На другім баку — пералік найбольш значных падзеяў станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці.
Памятны знак — гэта вынік супольнай працы, да якой спрычыніліся архітэктар Армэн Сардараў, дэкан архітэктурнага факультэту БНТУ, і аўтар адмысловага шрыфту для надпісаў Уладзімер Лукашын. Дапамагалі парадамі пісьменьнік Уладзімер Арлоў, дасьледчык летапісаў Вячаслаў Чамярыцкі, доктар гістарычных навук Вольга Ляўко, якая займаецца археалёгіяй Віцебшчыны.
На скульптурную кампазыцыю пайшло 1,7 тоны бронзы, агульная вага скульптурнага твору разам з валуном — 8 тон, вышыня — каля 5 мэтраў.
Адразу пасьля адкрыцьця каля памятнага знаку адбылася яшчэ адна ўрачыстасьць — цырымонія ўганараваньня ляўрэата літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес». Яна была заснаваная ў 1993-м годзе пісьменьнікам Алесем Аркушам.
Ёй уганароўваюцца аўтары беларускіх кніг, выдадзеных на працягу апошняга году. Селета ляўрэатам прэміі быў прызнаны Міхась Скобла.