Пры Карымаве краіна заставалася адной з самых бедных на постсавецкай прасторы, а міжнародныя праваабарончыя арганізацыі апісвалі рэжым як адзін з самых жорсткіх.
Пытаньне пераемнасьці ўлады ва Ўзбэкістане вырашылася хутка, але не зусім законна. Камісію па арганізацыі пахаваньня Карымава ўзначаліў прэмʼер-міністр краіны Шаўкат Мірзіёеў. 8 верасьня ён стаў выконваючым абавязкі кіраўніка дзяржавы, парушыўшы пункт Канстытуцыі, уведзены асабіста Карымавым (гэта месца павінен быў заняць сьпікер Сэнату). Пятага сьнежня ЦВК Узбэкістана абвясьціла Мірзіёева пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў.
Настоящее Время вывучыла, што зьмянілася ва Ўзбэкістане за год з дня абвяшчэньня аб сьмерці Карымава, якія рэформы праводзяць улады, і як гэта адбілася на жыхарах краіны.
Адмена выязных віз (дакладней, абяцаньне адмяніць)
У жніўні ўлады паабяцалі, што ўжо з 1 студзеня 2019 года грамадзянам Узбэкістана пачнуць выдаваць біямэтрычныя замежныя пашпарты.
Зараз, каб пакінуць Узбэкістан, грамадзянін краіны абавязаны зьвярнуцца ў МУС. У міліцыі прымаюць рашэньне, ці мае той права выехаць за мяжу. У выпадку, калі гаворка ідзе пра далёкае замежжа, у пашпарт уклейваюць дазвол, які дзейнічае два гады. Для адабрэньня паездкі ў бліжэйшыя краіны, у тым ліку ў Расею, патрабуецца круглая пячатка — яе ставяць на старонцы з прапіскай.
Каб атрымаць выязную візу або штамп, грамадзяне Узбэкістана стаяць у доўгіх чэргах — або плацяць хабары. Афіцыйна віза каштуе каля 30 даляраў.
Атрымаць выязную візу або штамп могуць далёка ня ўсе — у краіне ёсьць «чорны сьпіс», у які ўключаюць апазыцыянэраў і праваабаронцаў. Тыя, каго перасьледуюць спэцслужбы, спрабуюць пакінуць Узбэкістан «незаконна».
Зараз дазвол ад уладаў на выезд за мяжу, акрамя Узбэкістана, патрабуе толькі Паўночная Карэя.
Пакуль невядома, колькі будзе дзейнічаць замежны пашпарт і колькі ён будзе каштаваць. Многія асьцерагаюцца, што новы дакумэнт будзе атрымаць складаней, чым выязную візу: чэргі будуць яшчэ даўжэйшыя, а хабары — большыя.
Перамога чорнага рынку
Узбэкістан — адна зь нямногіх краін у сьвеце, дзе дзейнічае тры валютныя курсы: афіцыйны, біржавы і рэальны. «Біржавы курс» актуальны для гульцоў рынка імпарту і экспарту, «чорны курс» — для звычайных людзей, ён фарміруецца на ценявым валютным рынку.
На момант напісаньня артыкула на «чорным рынку» за адзін даляр можна было купіць 7800 сум. Пры гэтым курс, усталяваны Цэнтрабанкам Узбэкістана — 4.182,30 сум. Гэта значыць розьніца амаль у два разы.
«Чорны рынак» — гэта мянялы, якія працуюць на кірмашах і ў людных месцах буйных гарадоў. Ён сфармаваўся ў пачатку 90-х і з таго часу практычна не зьмяніўся.
Пасьля сьмерці Іслама Карымава ўлады не хавалі сваіх плянаў зрабіць нацыянальную валюту свабодна канвэртаванай, і наблізіць афіцыйны курс да рынкавага. Крыніцы Радыё Озодлик ( узбэцкая служба Радыё Свабода) і Reuters распавялі, што рэзкая дэвальвацыя можа адбыцца ў бліжэйшыя дні.
У канцы лета ўлады анансавалі адкрыцьцё пунктаў абмену валюты (цяпер іх яшчэ няма). Крыху раней, у ліпені, банкам дазволілі прадаваць валюту юрыдычным асобам па рынкавым, то бок па «чорным» курсе.
Лёгкія грошы
Сто даляраў у тысячных сумавых купюрах важаць амаль паўкілё. І гэта ня жарт. Да сакавіка гэтага года самай буйной купюрай ва Ўзбэкістане было 5000 сумаў. Па рэальным курсе гэта менш за даляр. Краіна мела дэфіцыт наяўнасьці, а для таго, каб купіць прадукты, прыходзілася цягаць з сабой абʼёмны пачак купюр.
Каб ліквідаваць гэтую праблему, вясной улады прэзэнтавалі купюру ў 10000 сумаў, у жніўні — 50000 сумаў (больш за 6 даляраў!)
У жніўні ў краіне зьявіліся першыя банкаматы, які выдаюць наяўныя. Раней там сталі гіганцкія чэргі. Справа ў тым, што вялікую частку заробкаў і пэнсій жыхарам Узбэкістана налічваюць на карткі, якімі практычна няма дзе скарыстацца.
За суткі з адной карткі дазваляецца зьняць ня больш за 100 тысяч, гэта значыць каля 13 даляраў. Надоўга ёмістасьці банкамата — у яго фізычна зьмяшчаецца каля 25 млн сумаў — не хапае. Улады абяцаюць, што да канца года па краіне будзе працаваць ужо тысяча банкаматаў.
Праз недахоп наяўнасьці, у апошнія гады ў краіне заквітнеў рынак па атрыманьні наяўных грошай. Яго апэратары бяруць вялікія камісіі — каб атрымаць наяўныя, даводзіцца плаціць 10% ад сумы.
Лепшыя сябры побач
Амаль адразу ж пасьля сьмерці Іслама Карымава новы прэзыдэнт Узбэкістана пачаў мяняць зьнешнюю палітыку краіны. Менш чым за месяц у ролі выканаўцы абавязкаў Мірзіёеў зрабіў некалькі крокаў, каб палепшыць адносіны з Казахстанам, Кіргізстанам і Таджыкістанам. З апошнімі двума краінамі адносіны ў апошнія гады кіраваньня Карымава фактычна былі замарожаныя.
Ва ўзбэцкі горад Андыжан упершыню за апошнія гады прыехала вялікая дэлегацыя чыноўнікаў і журналістаў з Кіргізстана і Таджыкістана. Такая ж дэлегацыя з Узбэкістана наведала прымежныя горада суседніх краінах.
Спроба Ташкента палепшыць адносіны з суседзямі пакуль ніяк не паўплывала на жыцьцё звычайных людзей. Кіргізы і таджыкі з памежных рэгіёнаў дагэтуль вымушаны езьдзіць да сваіх сваякоў ва Ўзбэкістан толькі праз пэўныя прапускныя пункты. Да таго ж ім патрэбнае пісьмовае запрашэньне, у якім згадваецца прычына візыту. І гэтая прычына павінна быць важкай — вясельле, альбо пахаваньне.
Можна сьпяваць
На сцэну вярнуліся адразу некалькі вядомых артыстаў, самыя папулярныя зь іх — Шэралі Жура і Юлдуз Усманава. У апошнія гады ўлады Карымава ў краіне дзейнічала негалосная забарона на выступы некаторых выканаўцаў. Іх нельга было паказваць па тэлебачаньні і трансьляваць на радыё, а таксама запрашаць на канцэрты — тым больш, арганізаваць свае ўласныя.
Пад забарону траплялі ня толькі тыя, хто выклікаў гнеў Іслама Карымава. Праблемы ўзьнікалі ў артыстаў, якія па нейкіх прычынах адмаўляліся выступаць на дзяржаўных мерапрыемствах або на вясельлях уплывовых чыноўнікаў.
«Гэта не зьвязана з палітыкай. Калісьці я не дагадзіла аднаму чыноўніку сярэдняга рангу, магчыма, што цяпер яго няма ва ўрадзе, але менавіта ён пасьпеў стварыць мне праблемы», — распавядала сьпявачка Юлдуз Усманава.
Каб выступаць, сьпевакі павінны атрымліваць спэцыяльную ліцэнзію. Але нават гэты дазвол не заўсёды дапамагаў — «чорны сьпіс» выканаўцаў быў неафіцыйным.
Улады сталі скарачаць забаронены сьпіс у першы месяц пасьля сьмерці Карымава. У некаторых выпадках гэта нават суправаджалася выбачэньнямі — так, дадому да Юлдуз Усманавай прыйшоў чыноўнік з букетам кветак.
Спроба галоснасьці
У красавіку 2017 года дзяржаўнае тэлебачаньне Ўзбэкістана запусьціла тэлепраект «Міжнародны прэс клюб», дзе ў прамым эфіры шчыра — па мерках краіны — абмяркоўваліся розныя праблемы.
Але пасьля аднаго з эфіраў, дзе крытыкавалася дзейнасьць прэмʼер-міністра, жывая трансьляцыя праекта спыніліся.
«З гэтага часу ня будзе ніякіх онлайн-панлайнаў. Зараз усе вы прыцісьніце азадак і будзеце працаваць ціха», — пераказалі словы прэмʼер-міністра Абдулы Арыпаву крыніцы Радыё Озодлик.
Цяпер ня толькі «Міжнародны прэс клюб», але і іншыя інфармацыйныя перадачы і ток-шоў, якія трансьляваліся ўжывую, выходзяць у запісе. Як у старыя часы.
У ліпені брытанская тэлерадыёкарпарацыя BBC абвясьціла, што зноў адкрые бюро ва Ўзбэкістане. Акрамя таго, на сайце зьявілася адна вакансія рэпарцёра. Запыт на акрэдытацыю BBC падала ў сьнежні 2016 года. Пра дату запуску бюро не паведамлялася.
Пры гэтым у пачатку сакавіка ў аэрапорце Ташкента затрымалі кіраўніка Цэнтральнаазіяцкай службы BBC, у той жа дзень яго выправадзілі з Узбэкістана без тлумачэньня прычын.
BBC і Радыё Озодлик былі вымушаныя закрыць свае офісы і эвакуіраваць журналістаў пасьля падзей у Андыжане ў 2005 годзе, дзе ў беспарадках загінулі па афіцыйных дадзеных 187 чалавек, па незалежных ацэнак — да паўтары тысячы.
Тады ж краіну пакінулі прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый, у тым ліку Human Rights Watch. У ліпені ў ходзе адкрытага дыялёгу з суайчыньнікамі міністар замежных справаў Узбэкістана Абдулазіз Камілу паабяцаў, што праваабаронцы змогуць вярнуцца ў краіну. Але пакуль гэтага не адбылося.
Трохі бліжэй да народа
У адрозьненьне ад свайго папярэдніка, Шаўкат Мирзіёеў любіць сустракацца з простымі людзьмі. Наколькі гэтыя сустрэчы спантанныя, сказаць складана.
Напрыклад, ён выйшаў на вуліцу, дзе вакол яго сабраўся натоўп, падчас візыту ў горад Наманган. А падчас наведваньня Бэкабад ён убачыў дом, дзе праходзіла пахаваньне, і зайшоў выказаць спачуваньні. Пасьля размовы са ўдавой ён даручыў аказаць падтрымку сямʼі нябожчыка.
Культ Першага і крытыка Першага
Зараз ва Ўзбэкістане ўсталявана ўсяго два помнікі Ісламу Карымаву. Першы зьявіўся на радзіме нябожчыка прэзыдэнта краіны, у Самаркандзе, 16 жніўня. Зараз рабочыя сканчаюць будаўніцтва маўзалею Карымава, які ўжо пасьпеў стаць новай турыстычнай славутасьцю.
Другі помнік адкрылі ў Ташкенце непадалёк ад былой рабочай рэзыдэнцыі Карымава.
На адкрыцьці помніка прысутнічаў Шаўкат Мірзіёеў, вялікія групы чыноўнікаў, і прадстаўнікоў моладзевых арганізацый. Усе кланяліся новаму помніку.
Мірзіёеў прыходзіць на магілу Карымава кожны раз, калі наведвае Самарканд. Ён ніколі публічна не крытыкуе папярэдніка, хоць і кажа пра памылкі, учыненыя ўладамі ў мінулым. Не называючы імёнаў.
У пачатку жніўня ў эфіры ўзбэцкага тэлебачаньня ўпершыню прагучала крытыка ў адрас Карымава. У перадачы гаварылася, што былы прэзыдэнт " увесь час спаборнічаў з суседнімі краінамі за статус лідэра, даказваючы сваю перавагу«.
Воля для нямногіх
Пасьля сьмерці Іслама Карымава ўлады выпусьцілі з турмаў некалькіх палітычных зьняволеных. Адзін зь іх — Самандар Куканаў, былы дэпутат Вярхоўнага савета Узбэцкай ССР — прасядзеў за кратамі 23 гады. Яго блізкія сьцьвярджалі, што палітыка пасадзілі на асабісты загад Іслама Карымава.
Выйшаў на свабоду Мухамад Бэкжан, былы галоўны рэдактар ужо неіснуючай газэты «Эрк». Бэкжан — родны брат вядомага апазыцыянера Мухамэда Саліха — сядзеў у турме з 1999 года. З псыхіятрычнай бальніцы выпусьцілі пляменьніка Іслама Карымава — журналіста Джамшыда Карымава. У інтэрвію праваабаронцам пасьля вызваленьня ён распавёў, што лічыць Іслама Карымава пазашлюбным дзіцем.
Пасьля прыходу да ўлады Мірзіёева суды Узбэкістана перагледзелі прысуды некалькім уплывовым чыноўнікам і цалкам іх рэабілітавалі. Акрамя таго, рэабілітацыі дачакаўся асуджаны па «Баваўнянай справе» папярэднік Карымава, першы сакратар ЦК Кампартыі Узбэкістана Інамжон Усманхаджаеў. Яго справу перагледзелі ў сьнежні 2016 года, ён памёр у сакавіку 2017.
Самы багаты сват
У 2009 годзе ў Ташкенце адбылося вясельле Бабура Усманава і Дыёры Мірзіёевай. Ужо тады дзядзька нявесты лічыўся адным зь верагодных пераемнікаў Іслама Карымава. А Бабура Усманава, пляменьніка расейскага мільярдэра, лічылі спадчыньнікам бязьдзетнага Алішэра Усманава. Дзьве сямʼі парадніліся.
Бабур Усманаў і яго сямʼя жылі ў Швайцарыі. У 2013 годзе пляменьнік мільярдэра прыехаў у Ташкент на вясельле стрыечнай сястры. А 5 раніцы 8 траўня аўтамабіль Ford Mustang, за рулём якога сядзеў Усманаў, на вялікай хуткасьці ўрэзаўся ў агароджу. Спадчыньнік Алішэра Усманава загінуў на месцы, дзяўчына, якая яго суправаджала, памерла ў бальніцы.
Пасьля сьмерці Іслама Карымава Алішэр Усманаў даў інтэрвію тэлеканалу «Расея-24». Ён сказаў, што гатовы вярнуцца ва Ўзбэкістан, калі яго паклічуць. Крыніцы Радыё Озодлик казалі аб некалькіх праектах, якімі цікавіўся мільярдэр.
Па дадзеных сэрвісу FlightRadar24, за апошні год (зь верасьня па верасень) самалёт Алішэра Усманава як мінімум 12 разоў прызямляўся ў аэрапорце Ташкента. Першы рэйс ён зьдзейсьніў 3 верасьня — у дзень пахаваньня Іслама Карымава. На стаянцы аэрапорта ляйнэр A-340 Bourkhan з бартавым нумарам M-IABU за год прастаяў каля 50 дзён. Як правіла, візыты былі кароткатэрміновымі — ня больш за 2-3 сутак.
Сэрвіс FlightRadar24 не захоўвае дадзеныя больш за год, таму немагчыма судзіць, ці стаў асабісты борт бізнэсмэна прызямляцца ва Ўзбэкістане часьцей. Для параўнаньня: за той жа пэрыяд самалёт садзіўся ў Маскве ня менш за 16 разоў, і прастаяў у аэрапорце не больш за 114 дзён. Прэс-служба Алішэра Усманава адмаўляла, што той мае які-небудзь уплыў на новага кіраўніка Узбэкістана. «Як ужо неаднаразова заяўлялася, А. Б. Усманаў ня ўдзельнічае ў палітычным жыцьці Узбэкістана», — гаварылася ў прэс-рэлізе, які цытаваў расейскі Forbes. У ім адзначаецца таксама, што паведамленьні на гэтую тэму «носяць канʼюнктурны характар» і што ва Ўсманава ёсьць «шмат сяброў і сваякоў ва Ўзбэкістане».
(Параўнальна) бедныя сваякі
У Іслама Карымава засталіся дзьве дачкі. Старэйшая — Гульнара Карымава — яшчэ пры жыцьці бацькі апынулася пад хатнім арыштам. Яна актыўна займалася бізнэсам і мела вялікі палітычны ўплыў.
У 2012 годзе пачаўся карупцыйны скандал з сотавым апэратарам TeliaSonera. Неўзабаве мэдыя-холдынг Карымавай зачыніўся, яе фірмы зьмянілі ўладальнікаў, а яна сама — зьнікла. Афіцыйна пра яе лёс нічога не паведамлялася. Першыя фатаграфіі жанчыны зьявіліся толькі ў 2014 годзе — на іх відаць, што першая дачка прэзыдэнта спрачаецца з ахоўнікамі ў нейкім доме.
На пахаваньні бацькі Гульнару Карымаву ніхто не бачыў.
І толькі ў канцы ліпеня 2017 года года зьявілася афіцыйная інфармацыя ад пракуратуры Узбэкістана. Аказалася, што крымінальная справа супраць старэйшай дачкі Карымава расьсьледавалася з 2013 года, а ў 2015 годзе яе прысудзілі да абмежаваньня волі тэрмінам на 5 гадоў.
А за паўгода да гэтага ўлады Узбэкістана зьвярнуліся з просьбай размарозіць актывы, заблякаваныя па справе TeliaSonera. У лісьце згадваліся ўсе абвінавачаныя ў карупцыі, акрамя Гюльнары Карымавай. Паводле інфармацыі Радыё Озодлик, гаворка ідзе пра суму каля 1 млрд даляраў, большая частка якіх знаходзіцца ў банках Швайцарыі.
Малодшая дачка нябожчыка прэзыдэнта, Лола Карымава-Тыляева, жыве ў Лос-Анджэлесе, гаварылася ў артыкуле часопіса Vanity Fair. Яна займаецца парфумэрыяй — нядаўна зарэгістравала брэнд The Harmonist.
Лола Карымава-Тыляева прысутнічала на пахаваньні бацькі, а на адкрыцьці помніка былому прэзыдэнту ў Ташкенце яе суправаджала дачка апальнай Гульнары, 18-гадовая Іман Карымава.
Ці стаў Узбэкістан больш свабодным?
Да гадавіны зьмены ўлады ва Ўзбэкістане міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House апублікавала даклад, прысьвечаны сытуацыі ў гэтай краіне.
На думку Freedom House, ва Ўзбэкістане ёсьць прыкметы пазытыўных зьменаў, асабліва ў мэдыяпрасторы. СМІ атрымалі магчымасьць ускосна, а часам і прама крытыкаваць палітыку ранейшых гадоў і адстойваць зьмены, якія былі неймаверныя пры Карымаве.
Але ўсе зьмены, якія адбыліся ва Ўзбэкістане за год, не выглядаюць як спроба правесьці сыстэмныя рэформы, лічаць аўтары дакладу. У Freedom House мяркуюць, што іх сапраўдная мэта — далейшае ўмацаваньне ўлады Мірзіёева.
«Здаецца відавочным, што ўрад Мірзіёева выбраў шлях Кітая і, у нейкай меры, Расеі, зь вялікім упорам на рост эканомікі і правядзеньне толькі тых палітычных рэформаў, якія неабходныя для падтрыманьня гэтай стратэгіі», — гаворыцца ў дакладзе.
Экспэрты мяркуюць, што з павелічэньнем празрыстасьці і памяншэньнем карупцыі Мірзіёеў можа аслабіць старыя эліты і пераразьмеркаваць багацьце на карысьць новай бізнэс-эліты — больш прафэсійнай, дынамічнай і прарынкавай.
Адносная свабода СМІ ў абмеркаваньні забароненых раней тэмаў можа падштурхнуць жыхароў краіны да таго, каб прадʼявіць павышаныя патрабаваньні да рэжыму. Аўтары дакладу лічаць, што гэта можа ненаўмысна стварыць глебу для сапраўдных зьменаў ва Ўзбэкістане.