Найперш будуць прэзэнтаваць новыя муралы і першыя скульптуры. Па-другое, можна будзе назіраць інтэрпрэтацыю графіці ў іншых жанрах — сучасным танцы, парадзе барабаншчыкаў і г. д. Па-трэцяе, пабачыць і ацаніць плён дзейнасьці урбан-каманды «Ідэальны Хмарачос» і «Пляж Vulica Brasil» — іх праекты ўжо матэрыялізаваныя на Кастрычніцкай.
Тут жа раскінуцца мастацкі і рамесны кірмашы, пройдуць творчыя заняткі для дзяцей, адкрыецца пляцоўка для скейтбардыстаў. Неад’емнай часткай фэсту — музычна-танцавальныя пляцоўкі, фуд-корты і прагляд фільмаў пад адкрытым небам.
Сёлета Бразылія прадстаўлена цэлым шэрагам сваіх «паслоў мастацтва». Гэта OSGEMEOS, Dedablio, Dante Horoiwa, L7M, Zeh Palito, Ramon Martins, Rimon Guimarães, архітэктар Ляўрэнса Жымэнэс.
Ім дапамагалі беларускія калегі: ЭХО, Bazinato, Даша Бубен, Ігар Юхневіч, Khvostov, Izum, Marat RGB, Міця Пісьляк, Сяргей Кірушчанка, архітэктар Гоша Заборскі.
«Раз закрыцьцё — гэта квiнтэсэнцыя ўсяго, што было зроблена за фэстываль, то мы пакажам, якой можа быць вуліца Кастрычніцкая, нашая Vulica Brasil, калі аб’яднаць на ёй творчых людзей з двух кантынэнтаў. Якой яна можа быць раніцай, калі сонейка ўзыходзіць, і ноччу, калі ўсе там тусуюцца», — падсумавала куратарка фэстывалю Міла Котка.
Арганізатары заклікаюць жыхароў Менску стаць часткай гарадзкой прасторы на Vulica Brasil. Уваход на ўсе імпрэзы вольны.