ЗША запатрабавалі ад расейскага ўраду закрыць кансулят РФ у Сан-Францыска, а таксама скараціць дыпляматычную прысутнасьць Расеі ў Вашынгтоне і Нью-Ёрку.
ЗША заявілі, што гэтае патрабаванне павінна быць выканана да 2 верасня.
Пра гэта заявіла прэсавая прадстаўніца Дзярждэпартамэнту ЗША Гэзэр Наўэрт.. Закранаючы нядаўняе скарачэньне расейскімі ўладамі колькасьці пэрсаналу дыпляматычных місій ЗША ў Расеі, Наўэрт адзначыла, што «гэтае дзеяньне было неапраўданым і нанесла шкоду адносінам паміж нашымі краінамі».
«У духу парытэту, да якога зьвяртаецца расейскі бок, мы патрабуем ад расейскага ўраду зачыніць генэральны кансулят у Сан-Францыска, канцылярскі аддзел у Вашынгтоне і консульскі аддзел у Нью-Ёрку», — дадала Наўэрт.
У заяве, апублікаванай на вэбсайце расейскага МЗС, адзначаецца, што Сяргей Лаўроў у тэлефоннай размове з дзяржсакратаром ЗША Рэксам Тылерсанам выказаў шкадаваньне з нагоды гэтага кроку.