Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны таксама не атрымала афіцыйнага адказу ад беларускіх калег на запыт пра перасячэньне мяжы Паўлам Грыбам, хаця ягоны бацька Ігар Грыб перакананы, што хлопец даехаў да Гомеля. Гэты факт яму пацьвердзіў кіроўца аўтобусу, на якім Павал накіроўваўся ў Беларусь.
Бацька зьніклага хлопца пакуль не камэнтуе выказваньні дзяўчыны, зь якой плянаваў сустрэцца ягоны сын. Ня ведае ён таксама і пра тое, ці была яна адзіным ягоным кантактам у Расеі. Ігар Грыб паведаміў Свабодзе, што Павал паступіў у Кіева-Магілянскую акадэмію на спэцыяльнасьць «філясофія», але па стане здароўя адвучыўся там адзін сэмэстар.
Ігар Грыб дадаў, што найбліжэйшым часам плянуе зьвярнуцца да беларускіх праваахоўнікаў з заяваю пра зьнікненьне сына: «Будзем зьвяртацца ўсюды, куды толькі магчыма і немагчыма». Але пакуль ня ведае, як будзе гэта рабіць — самастойна ці праз афіцыйныя структуры Ўкраіны.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, хлопец можа знаходзіцца ў СІЗА Краснадарскага краю Расеі. Заўтра туды едуць афіцыйныя прадстаўнікі МЗС Украіны, генэральнага консульства ў Растове.
Сытуацыю ў гэтай справе Свабодзе пракамэнтаваў генэрал-маёр запасу Віктар Ягун. З сакавіка 2014 па чэрвень 2015 года працаваў намесьнікам кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны.
— Гэтая сытуацыя сьведчыць пра тое, што Беларусь цалкам знаходзіцца пад пратэктаратам Расеі. Ужо даўно было вядома аб аб’яднаньні кампутарнай базы дадзеных пра перасячэньне зьнешніх межаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Калі я езьдзіў на перамовы ў Менск, неаднаразова назіраў за кампутарамі, на якіх працуюць службоўцы памежных войскаў Беларусі і бачыў там адпаведныя налепкі, што сьведчылі пра тое, што яны належаць да адзінай сыстэмы. У нас ёсьць інфармацыя пра тое, што ў Беларусі ёсьць група ФСБ у складзе ад 30 да 40 чалавек, якія на сталай аснове працуюць у Менску, у тым ліку там ёсьць і сілавая група. Калі трэба праводзіць затрыманьне, яны, як правіла, ня ставяць да ведама беларускіх калег і праводзяць гэтыя мерапрыемствы самі. То бок, калі нехта з украінскіх грамадзян знаходзіцца ў полі зору расейскіх спэцслужбаў і мае намер ехаць, напрыклад, у Прыбалтыку, абіраючы найкарацейшы шлях праз Беларусь, перасякае мяжу у той жа Чарнігаўскай вобласьці, едзе па тэрыторыі Беларусі, а ў гэты момант ужо фіксуецца інфармацыя пра тое, што асоба, якая іх цікавіць перасекла мяжу і даяжджае да мяжы з Прыбалтыкаю. Такога чалавека могуць недзе на дарозе перахапіць, а паколькі мяжы між Беларусьсю і Расеяй не існуе, такім чынам чалавек можа трапіць у рукі расейскіх спэцслужбаў.
— Але гэтая справа з Паўлам Грыбам ужо стала рэзананснай. Чаму дагэтуль расейскія спэцслужбы не прызнаюць факту, што Павал Грыб затрыманы і знаходзіцца на тэрыторыі Расеі? СБУ, дарэчы, таксама маўчыць.
— Па сутнасьці, гэта будзе пацьвярджаць той факт, што Беларусь ня мае кантролю над сваёй мяжой. Зараз Расеі нявыгадна агалошваньне гэтай інфармацыі, таму што цяпер адбываюцца супольныя вайсковыя вучэньні — усе за імі назіраюць, бо яны ўяўляюць небясьпеку фактычнай ціхай анэксіі Беларусі.
— У той жа час у гэтай справе шмат супярэчлівай інфармацыі. Бацька сьцьвярджае, што ён пасьля зьнікненьня сына не зьвязваўся зь дзяўчынаю, зь якой той плянаваў сустрэцца ў Гомлі. Але сама яна кантактуе з журналістамі, распавядаючы пра тое, што ФСБ прымусіла яе заманіць хлопца ў Беларусь. І для гэтага яна разам з маці за свой кошт ляцела на самалёце ў Менск, а адтуль на таксі разам з маці ехала ў Гомель.
— Па-першае, гэтай дзяўчыне 17 гадоў. Я б ёй асабліва не давяраў. Зараз мы сутыкнуліся з фактам зьнікненьня чалавека, і трэба патрабаваць ад Беларусі афіцыйных дакумэнтаў або расьсьледаваньня. Чалавек перасек мяжу зь Беларусьсю, ён не зьбіраўся там знаходзіцца доўгі час, ёсьць дадзеныя, што ён заехаў на беларускую тэрыторыю. Цяпер трэба высьвятляць, куды ён зь Беларусі зьнік. Я падазраю, што завершыцца тым, што Расея пазьней паведаміць, што Павал незаконна перасек расейскую мяжу, як гэта было ў выпадку з Надзеяй Саўчанкай, а ў працэсе праверкі ягонай асобы высьветлілася, што ён падазраецца ў экстрэмісцкай дзейнасьці. Пройдзе тыдзень, два, або месяц, і ўсё гэта будзе выкладзена. Дай Божа, каб ён толькі быў жывы — гэта мяне больш за ўсё турбуе, бо могуць жа забіць і выкінуць недзе ў лесе.
— Але фармальна ў Беларусі ёсьць прычына, каб адмовіць у пошуку або расьсьледаваньні — бацька не зьвярнуўся з адпаведнай заявай да беларускай міліцыі.
— Я мяркую, што ў Беларусі будуць зацягваць гэтую сытуацыю, бо самі не разумеюць, што адбылося і як рэагаваць. Калі ёсьць факты пра зьнікненьне або гвалт над чалавекам, яны мусяць прымаць такія заявы. Але і сям’я, і Ўкраіна, як дзяржава, маюць прайсьці ўсе крокі пошукавых момантаў — далучаць дэпутатаў, Міністэрства замежных спраў, усе структуры, каб знайсьці чалавека. Але я прагназую, што яго знойдуць у Краснадары літаральна праз тыдзень-два або пасьля заканчэньня супольных вайсковых вучэньняў.