Цяперашні настаўнік кіеўскага «Дынама» мае намер спагнаць з фэдэрацыі кампэнсацыю за датэрміновае скасаваньне кантракту.
«На 17 кастрычніка прызначаныя слуханьні ў Лязане, — цытуе партал Tribuna.com намесьніка старшыні Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргея Сафар’яна. — Прадстаўнік Аляксандра Хацкеіча настаяў, каб прайшлі вочныя слуханьні. Адпаведна, наш бок будзе ў іх удзельнічаць».
Раней Беларускі футбольны арбітраж вынес рашэньне наконт пазоўнай заявы Аляксандра Хацкевіча аб прызнаньні кантракту, у аднабаковым парадку скасаваным Беларускай фэдэрацыяй футболу, без паважнай прычыны. Аднак вэрдыкт публічна не абвяшчаўся.
Аляксандар Хацкевіч узначаліў нацыянальную зборную Беларусі ў сьнежні 2014 году, у самым канцы адбору на Эўра-2016. Каб выканаць задачу-максымум і трапіць на ўсясьветнае першынство, ужо не заставалася часу.
У новым цыклі да чэмпіянату сьвету-2018 беларусы згулялі ўнічыю з Францыяй і Люксэмбургам і прайгралі галяндцам, чым значна ўскладнілі агучаную мэту — заняць як мінімум трэцяе месца ў групе.
Пад канец 2016 году кантракт з Хацкевічам быў разарваны датэрмінова. Той лічыць, што ніякіх абгрунтаваных падставаў для гэтага не было. Першапачаткова кантракт зь ім дзейнічаў да канца 2017-га.