Ідэоляг Мінабароны Беларусі засьцерагае ад псэўдаімпэрскіх амбіцый «русского мира»

Аляксандар Гура

Ягоны артыкул «Асновы кансалідацыі грамадзтва» зьмешчаны на старонках часопісу «Беларуская думка» ў рубрыцы «Палітыка». У падзагаловак вынесены выраз: «Разуменьне сутнасьці нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь як найважнейшая ўмова эфэктыўнага супрацьдзеяньня сучасным выклікам».

У пераліку такіх выклікаў называюцца ў тым ліку імпэрскія амбіцыі Расеі.

«Дарэчы зрабіць наступныя высновы, — піша міністэрскі ідэоляг. — Па-першае, у Рэспубліцы Беларусь створаная сыстэма, якая дазваляе забясьпечыць згуртаваньне грамадзтва. У аснове яго кансалідацыі — адвечныя каштоўнасьці беларускага народу. Да іх адносяцца і Вялікая Перамога, і ідэя сацыяльнай справядлівасьці, і базавыя каштоўнасьці цывілізацыі, увасобленыя ў народнай беларускай традыцыйнай маралі, этыцы і культуры. Гэта дазваляе на працягу больш як двух дзесяцігодзьдзяў захоўваць мір, згоду і стабільнасьць у грамадзтве.

Па-другое, сёньня выразна выявілася адзіная мэта ў намаганьні радыкальных сілаў, якія хоць і маюць асновай сваёй ідэалёгіі альтэрнатыўныя погляды, супрацьлеглыя ідэйныя полюсы, але пры гэтым хочуць разбурыць традыцыйныя каштоўнасьці, якія цэмэнтуюць грамадзтва. На сучасным этапе вастрыё расколу накіравана на ўкараненьне ў сьвядомасьць людзей, перш за ўсё моладзі, прымітыўнага разуменьня патрыятызму, які падаецца альбо пад русафобіяй, альбо пад ідэяй псэўдаімпэрскіх амбіцый, адзетых у форму „русскога мира“.

Па-трэцяе, гэтыя ідэалягічныя рызыкі і выклікі актуалізуюць пытаньне прыняцьця эфэктыўных захадаў для далейшага ўмацаваньня базавых каштоўнасьцяў беларускага народу, якія разглядаюцца з пазыцый нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь».

Каб захаваць недатыкальнасьць і сувэрэнітэт маладой беларускай дзяржавы, падсумоўвае генэрал Аляксандар Гура, трэба шмат чаго. Але ў першую чаргу — «адзінства, адзінства і яшчэ раз адзінства ўсіх нас, усяго нашага беларускага народу».