Сваю працу калектыў аўтараў назваў «Горад, які быў». Укладальнікі чорна-белымі фоткамі спрабуюць перанесьці цяперашняга жыхара ў горад 1980-х гадоў.
На прэзэнтацыі фотаальбому нямала выступоўцаў параўноўвалі выгляд тагачаснага Магілёва з горадам, у якім толькі скончылася вайна. Адзначалі ягоную шэрасьць і непрывабнасьць.
У памяці фатографа і ідэйнага натхняльніка выданьня альбому Аляксандра Ліціна Магілёў 1980-х гадоў застаўся горадам, які застыў у чаканьні пераменаў. Пра тое, якім быў і якім стаў Магілёў, фатамайстар расказаў у інтэрвію Свабодзе.
Фотаальбом вяртае горад, які быў
«1980-я гады — гэта пэрыяд, калі ў горадзе ўсё, што можна было, пабурылі. Практычна на дзесяцігодзьдзе ён, можна сказаць, застыў. Гэта быў ня толькі пэрыяд застою ў эканоміцы і палітычным жыцьці, але застою ў разьвіцьці гарадзкой архітэктуры і ляндшафту. Зразумела, па фатаздымках не адчуваецца, што набліжаецца развал Савецкага Саюзу і што неўзабаве паўстане незалежная Беларусь. Мала хто з нас у той час задумваўся пра гэта. Але атмасфэра застою на фатаздымках адчуваецца, — адказваў фатамайстар на пытаньне пра ўнікальнасьць выданьня. — Такім мы горад адфатаграфавалі і забыліся пра яго. Потым пачаліся глябальныя перамены і горад імкліва пачаў мяняцца, як і ўсё наша жыцьцё. За гэтымі зьменамі многія забылі, якім горад быў. Каб вярнуць памяць пра той, наш горад, мы і паспрабавалі зрабіць альбом. То бок гэты альбом пра вяртаньне памяці. Яго будзе цікава пагартаць моладзі і тым, хто доўга ня жыў у Магілёве. Шмат для каго горад будзе непазнавальным».
Чорна-белая фатаграфія як факт гарадзкой гісторыі
«Паколькі я фатограф, для мяне дужа важна было вярнуцца ў чорна-белую фатаграфію», — казаў пра яшчэ адну цікавінку альбому суразмоўца.
«Пэрыяд застою гораду супаў з апошнім пэрыядам чорна-белай стужачнай фатаграфіі. У 1990 гады пачала разьвівацца каляровая фатаграфія. Да нас прыйшлі фоталябараторыі, безь цяжкасьці можна было купіць імпартную каляровую стужку. За ёй насьпеў час разьвіцьця лічбавай тэхналёгіі, і ўсе сталі адначасова фатографамі. Цяпер мала хто здымае на стужку. Таму наш альбом — гэта і вяртаньне ў чорна-белую фатаграфію, і асэнсаваньне яе як факту гісторыі ды нашай біяграфіі».
Магілёўская эстэтыка 1980-х гадоў
«Эстэтыка Магілёва 1980-х гадоў — гэта гранжавая эстэтыка, і яна мне была сымпатычная. Я дужа любіў хадзіць магілёўскімі вулачкамі, і гэта было цікавым заняткам. Я нібы трапляў у страшную казку,і слова „казка“ было вызначальным, — адказваў фатамайстар на пытаньне пра эстэтычныя асаблівасьці гораду мінулага. — Цяпер мне сумна прагульвацца па, здаецца, прыгожаму, адбудаванаму, адрэстаўраванаму, адтынкаванаму Магілёву. У цяперашнім горадзе значна цяжэй знайсьці аб’ект для здымкаў».
«Тады мы не адчувалі, што жывём у горадзе, які нібы пасьля вайны, — казаў далей суразмоўца. — Каб гэта адчуць, яго трэба было зь нечым параўнаць. Мы бачылі толькі горшае. Лепшага было няшмат. Так, мы выяжджалі ў Піцер і Маскву, але гэтыя гарады лічыліся сталічнымі. А наш горад — гэта была правінцыя, таму ягоны занядбаны выгляд успрымаўся нармальна».
«Цяпер я бываю за мяжой, і ў той жа Вільні я бачу цудоўна адрэстаўраваныя старыя дамы, і побач стаяць будынкі, да якіх пакуль не дайшоў рамонт. Яны выглядаюць абшарпанымі, але іхная гранжавасьць фотагенічная. Мяне гэта зусім не бянтэжыць. У Любліне, у параўнаньні нават з Магілёвам, гранжавы стыль пераважае. З Магілёва зрабілі нібы і цукерку, але яна застаецца нежывой», — падсумаваў фатамайстар.
Над альбомам працавалі пятнаццаць аўтараў. У сваіх тэкстах, якія дапаўняюць фатаздымкі, яны выклалі сваё ўспрыманьне гораду недалёкай мінуўшчыны. Сродкі на выданьне фотаальбому накладам 300 асобнікаў укладальнікі плянуюць сабраць талакою.