Дыппрадстаўніцтва Ўкраіны ў Менску патрабуе вызначыць месцазнаходжаньне ўкраінскага грамадзяніна. З гэтай прычыны накіраваная нота ў МЗС Беларусі. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў амбасадзе.
Ігар Грыб, грамадзянін Украіны, які служыў у памежных войсках, а цяпер займаецца стварэньнем капэлянскай службы ў сілавых органах, заявіў, што спэцслужбы Расеі выкралі ягонага сына Паўла падчас наведваньня Беларусі.
24 жніўня 19-гадовы Паўло Грыб паехаў у Гомель на сустрэчу зь дзяўчынай, зь якой кантактаваў праз сацыяльныя сеткі. Яна мелася прыехаць на сустрэчу з Расеі. Хлопец плянаваў вярнуцца ў той жа дзень.
Калі гэтага ня здарылася, бацька паехаў у Гомель на пошукі і высьветліў, што сын знаходзіцца ў вышуку на падставе артыкула 205 Крымінальнага кодэксу Расеі па абвінавачаньні ў тэрарыстычным акце на запыт ФСБ Расеі па Краснадарскім краі гораду Сочы.
Былы памежнік паведаміў, што ягоны сын Паўло ня браў удзелу ў баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны — мае інваліднасьць.
На думку Грыба-старэйшага, ФСБ выманіла Паўла ў Гомель пад выглядам сустрэчы зь дзяўчынай і правяла затрыманьне. Прычынай магло стаць тое, што малады чалавек рэзка выказваўся ў сацыяльных сетках на адрас Расеі за агрэсію ва Ўкраіне.