Беларусь дала дазвол польскаму Інстытуту нацыянальнай памяці на пошукавыя работы ля вёскі Пагост, што ў Вілейскім раёне, паведамляе Rzeczpospolita. Дасьледчыя работы пачнуцца 4 верасьня з удзелам беларускага 52-га спэцыялізаванага пошукавага батальёну і маюць завершыцца цягам верасьня.
Плянуецца адшукаць парэшткі жаўнераў польскага Корпусу аховы памежжа (КАП), палеглых 17 верасьня 1939 году, калі савецкія войскі ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь. Польскія дасьледчыкі кажуць, што ня маюць пэўнасьці, ці жаўнеры са стражніцы ў раёне Пагосту загінулі ў баях з савецкімі войскам, ці былі расстраляныя ў палоне.
Польскі бок адзначае, што яшчэ год таму беларуская пракуратура не дала дазвол на правядзеньне дасьледаваньняў на сучасным памежжы — там, дзе могуць быць пахаваныя ахвяры «аўгустоўскай аблавы» пад Сувалкамі летам 1945 году, калі савецкія войскі і польская тайная паліцыя затрымала каля 600 падпольшчыкаў.
Дазвол палякам на раскопкі ў Беларусі — не ўнікальны выпадак, кажа Свабодзе гісторык Ігар Мельнікаў. Але нячасты: Мельнікаў гаворыць, што апошні раз падобныя раскопкі праводзіліся ў 2008 годзе, калі ў Кобрыне беларускі 52-і батальён разам з польскімі археолягамі праводзіў эксгумацыю жаўнераў Польскага войска, якія загінулі ў 1939 годзе ў баях зь немцамі, і ахвяраў савецкіх войскаў і падпольшчыкаў таго часу. Усе знойдзеныя жаўнеры былі перапахаваныя на могілках каля мясцовага касьцёла.
«Але з 2008 году такіх работ не адбывалася на тэрыторыі Беларусі, — кажа Мельнікаў. — Тут хутчэй палітыка ўплывала на гэтую справу. Але цяпер прайшло шмат часу, гэта сапраўды добрая навіна для гісторыкаў і дасьледчыкаў. Ужо даўно чуў пра гэта ад супрацоўнікаў амбасады Польшчы, і яны рады. Я так думаю, дазволяць нават зрабіць дакумэнтальны фільм, ёсьць такія прапановы з боку беларускіх дакумэнталістаў.
Насамрэч, там ідэнтыфікаванае месца пахаваньня КАПаўцаў ля стражніцы Пагосту, але такіх месцаў было досыць шмат — амаль на кожнай КАПаўскай стражніцы былі досыць крывавыя баі. Мясцовыя людзі кажуць, што забітых жаўнераў КАП, як і чырвонаармейцаў, забітых пры штурме стражніц КАП, хавалі побач з будынкамі. Цяпер месца мала хто можа паказаць, бо шмат палёў зааралі, ляндшафт зьмяніўся за 80 гадоў. Таму, калі ёсьць дакладнае месца, то напэўна трэба праводзіць эксгумацыю.
І што дапусьцяць адмыслоўцаў IPN, гэта вельмі добра. Гэта дазволіць прыадкрыць яшчэ адну са старонак 17 верасьня 1939 году, пра тое, што ўваход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь адбываўся ня мірна і спакойна, гэта былі баі».
У КАП на момант пачатку Другой усясьветнай вайны было шмат рэзэрвістаў беларускага паходжаньня, бо асноўныя лінейныя часткі былі перакінутыя зь мяжы на захад, у «этнічную Польшчу».
Мельнікаў рыхтуе выданьне кнігі-альбому «Мяжа была пад Менскам. 1921–1941 гг.» ў верасьні бягучага году, у якой абяцае апісаць службу польскага корпусу аховы памежжа і савецкай памежнай аховы, баі на «старой» мяжы. Ён кажа, што ў час падрыхтоўкі кнігі дэталёва абсьледаваў больш за 15 стражніц, працаваў з польскімі, беларускімі і расейскімі архівамі, размаўляў зь мясцовымі жыхарамі.
Адна з папярэдніх кніг Мельнікава, «Мяжа ля Заслаўя. 1921–1941 гг.», кажа аўтар, выклікала вялікую цікавасьць у тым ліку ў Польшчы. Там былі акадэмічныя дасьледаваньні гэтай тэмы (хаця наўрад ці выезды на месцы, кажа Мельнікаў), у Беларусі падобных дасьледаваньняў было няшмат. Цяпер у менскім Гістарычным музэі адкрытая выстава пра беларускіх афіцэраў 1-га Польскага корпусу і Бабруйскую крэпасьць — гісторык кажа, што хоча зрабіць выставу таксама пра польскі корпус аховы памежжа і савецкую памежную ахову.