У Горадні сёньня распачаўся велапрабег, удзельнікі якога будуць рухацца ад Горадні да Менску восем дзён. У першы дзень яны праедуць сорак кілямэтраў, у апошні — пяцьдзесят. Агульны маршрут складзе 394 кілямэтры. Велапрабег праводзіцца ў падтрымку людзей з разумовай інваліднасьцю і мае назву «Думка мае значэньне».
Ініцыятыва сыходзіла ад Праграмы разьвіцьця Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. На адкрыцьці выступіў Санакі Самарасінха, пастаянны каардынатар ААН у Беларусі. У цырымоніі ўдзельнічала амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб.
Санакі Самарасінха сустрэўся перад гэтым з гарадзенцамі, якія абмежаваныя ў сваіх фізычных магчымасьцях і людзьмі, што апякуюцца інвалідамі. У размове аб усіх інвалідах, ня толькі аб тых, каму прысьвечаны велапрабег, гаварылася аб цяжкасьцях, зь якімі яны сутыкаюцца кожны дзень. У Беларусі прывыклі разумець правы гэтых людзей толькі на ўзроўні мэдыцынскіх патрэбаў. Аднак праблемы са здароўем — гэта яшчэ ня ўсё. У горадзе ня ўбачыш інвалідаў, якія ня могуць хадзіць, на вуліцах ніколі не зьяўляюцца сьляпыя. Горад мала прыстасаваны для гэтых людзей, безбар’ернае асяродзьдзе толькі пачынае стварацца. Пандусы, бывае, робяць няправільна, ёсьць выпадкі, калі прымушаюць іх перарабіць.
Людзі ня могуць выйсьці з кватэры. Ёсьць выпадкі, калі МНС дае адказ, што зрабіць пандус па месцы жыхарства немагчыма. А як жа эвакуяваць чалавека, калі здарыцца, напрыклад, пажар? Адказу няма. Хаця вядома, што ў людзей з інваліднасьцю ў выпадку аварыяў, бедзтваў рызыка загінуць большая ў дзесяць разоў, чым у астатніх.
У Беларусі здаецца вырашэньнем праблемы, калі чалавек атрымаў вазок. Аднак іх трэба падбіраць індывідуальна, як абутак ці вопратку, так робіцца ў сьвеце. У Горадні ў інвалідаў такой магчымасьці сёньня няма. Яны ня могуць паехаць на возера адпачыць, у іх праблемы з працаўладкаваньнем. Яны ня могуць трапіць на культурнае мерапрыемства ў гістарычным цэнтры Горадні ці ў музэй, пандусаў няма. За мяжой інваліды могуць наведваць музэй, гістарычныя будынкі: Рэйхстаг у Бэрліне альбо Капітолій у Вашынгтоне. Для інвалідаў прадугледжаныя пад’ёмнікі.
Гаварылася на сустрэчы з пастаянным каардынатарам ААН і аб праблеме сурдаперакладу. Хто будзе дапамагаць глуханямым адаптавацца ў грамадзтве? «Але ж такім спэцыялістам нядрэнна плацяць?» — выказаў меркаваньне Санакі Самарасінха. Зусім не, заробак адпавядае 250 далярам. Хаця перакладаць жэстамі вельмі складана. Можна навучыцца перадаваць свае думкі, але ўспрымаць мову іншага чалавека, які таксама карыстаецца жэстамі, складана, «слоўнік» даволі абмежаваны.